У магілёўскай прадпрымальніцы канфіскавалі тавар на 29 тысяч рублёў



Больш за 760 адзінак адзення і абутку без дакументаў былі знойдзеныя ў гаражы індывідуальнай прадпрымальніцы ў Магілёве.

Як паведамляе УУС Магілёўскага аблвыканкама, тавары без дакументаў, гаспадыняй якіх была 31-гадовая магіляўчанка, былі знойдзеныя 10 мая супрацоўнікамі міліцыі і прадстаўнікамі падатковай інспекцыі падчас санкцыянаванага агляду гаража ў прыватным сектары па вуліцы Астроўскага.

Паводле слоў начальніка АБЭЗ Кастрычніцкага РАУС Магілёва Аляксандра Яфіменкі, жанчына з’яўляецца індывідуальным прадпрымальнікам і мае некалькі гандлёвых пунктаў на тэрыторыі магілёўскіх рынкаў. Тавар яна прывозіла з Расеі для рэалізацыі. Гараж арандавала для захоўвання некандыцыйнага тавару і рэчаў са старых калекцый. Аднак адпаведных дакументаў на гэтае адзенне і абутак жанчына паказаць не змагла.

Тавар без дакументаў на агульную суму болей за 29 075 рублёў канфіскаваны. Прадпрымальніцы пагражае прыцягненне да адміністрацыйнай адказнасці.

Паводле БелаПАН

Фота uvd.mogilev.by