Чаму зарэгістравалі “Гавары праўду”?



Cустаршыня партыі БХД Павел Севярынец выказаў сваё меркаванне з нагоды таго, чаму ўлады зарэгістравалі “Гавары праўду”.

Як вядома, Міністэрства юстыцыі Беларусі зарэгістравала Рэспубліканскае даследча-асветніцкае грамадскае аб’яднанне «Гавары праўду». Кампанія была заснавана ў 2010 годзе, рабілася шэсць спробаў загэгістравацца, але яны былі марныя.

Павел Севярынец: Рэгістраваць альбо не рэгістраваць араганізацыю – гэта загад уладаў. БХД не рэгіструюць ужо каля дзесяці гадоў. Першы раз мы падалі дакументы на рэгістрацыю ў якасці грамадскага аб’яднання яшчэ ў 2007 годзе. Як партыю – у 2009-м. Было 22 спробы рэгістрацыі (з улікам рэгіёнаў і моладзевых структур), а зараз збіраемся зрабіць 23-ю. Аднойчы не было ніводнай дачэпкі да дакументаў, але Мінюст напісаў, што не разумее, як спалучаецца хрысціянская дэмакратыя. Хаця хрысціянскія дэмакраты зарэгістраваны ва ўсіх краінах Еўропы акрамя Беларусі. І БХД уваходзіць у сям’ю Еўрапейскай народнай партыі ўсіх хрысціянскіх дэмакратаў. Таму відавочна, што тут ёсць загад і боязь уладаў.

РР: На ваш погляд, чаму зарэгістравалі “Гавары праўду”?

Павел Севярынец: Думаю, тут гаворка ідзе пра тое, што “Гавары праўду” ідзе ў фарватары, які выгодны ўладам. І гэта такая выгодная для сёняшняга рэжыму патрэба.

РР: Адным словам, улады выступаюць “за мірныя перамены”…

Павел Севярынец: Яны не выступаюць ні за якія перамены, а выкарыстоўваюць гэтую шырмачку кожны раз, калі іх чарговы раз прыпірае да сценкі. Яны гатовы махаць перад еўрапейцамі гэтымі шыльдачкамі і шырмачкамі ў надзеі, што, можа быць, некага і ўдасца падмануць.

Кастусь Заблоцкі, Беларускае Радыё Рацыя