“Барысаўскія навіны” вярнуліся ў газетныя кіёскі
Чарговае выданне вярнулася ў дзяржаўную сістэму распаўсюду. З пачатку ліпеня на газету “Барысаўскія навіны” можна будзе падпісацца праз пошту. Выданне дадалі ў падпісныя каталогі РУП „Белпошта” на другое паўгоддзе 2017 года. Бліжэйшым часам газету таксама пачнуць прадаваць у паштовых аддзяленнях горада. Гэта эфект спаткання галоўнага рэдактара «Народнай Волі» Іосіфа Сярэдзіча з Аляксандрам Лукашэнкам, калі той абяцаў вярнуць незалежныя выданні, нагадвае прэсавы сакратар Беларускай асацыяцыі журналістаў Барыс Гарэцкі.
– Выданні праявілі настойлівасць, адразу накіравалі лісты, і вось цяпер самы галоўны выклік для гэтых выданняў – забяспечыць сабе папулярнасць у шапіках, дзе яны не былі гадамі, а некаторыя выданні ўвогуле ніколі там не былі. Трэба прывучыць чытача купляць гэтыя выданні у шапіках “Белсаюздруку”.
На пачатку красавіка 2017 года ў шапікі таксама вярнуліся „Газета Слонімская”, „Новы Час”, „Intex-press” і „Барысаўскія навіны”. Большасць згаданых выданняў, а таксама „Вольнае Глыбокае”, знаходяцца на этапе ўзгаднення для ўключэння ў падпісны каталог „Белпошты” на другое паўгоддзе. „СНплюс. Свободные новости плюс” у траўні 2017 года былі ўключаныя ў падпісны каталог „Белпошты”.
Улад Грынеўскі, Беларускае Радыё Рацыя
Фота ex-press.by