У Бельску пройдзе “Пралог. ІІІ Дні славянскай культуры і пісьменства”
Бельск Падляшскі пад знакам усходнеславянскай творчасці. У горадзе пачынаецца «Пралог. ІІІ Дні славянскай культуры і пісьменства».
У час мерапрыемства, якое будзе праходзіць цягам тыдня, адбудуцца падзеі, прымеркаваныя, між іншым, да галінаў літаратуры, музыкі і тэатра. «Сёлета наш «Пралог» цалкам прысвечаны 500-годдзю беларускага і ўсходнеславянскага друкарства», – кажа галоўны арганізатар імпрэзы Дарафей Фіёнік:
– У 1517 годзе Францыск Скарына надрукаваў “Псалтыр”, пасля чаго друкаваў біблейскія кнігі. Гэта чалавек Рэнесансу, доктар медыцыны. Яго цікавіла і кнігадрукаванне, і мастацтва. Ён быў багасловам, літаратарам і палітыкам. Таму ў сёлетнім нашым “Пралогу” ёсць розныя акцэнты, а само мерапрыемства мае фармат фестывалю. Кожны зможа выбраць розныя акцэнты і рэчы, якія яго цікавяць.
Сярод пунктаў мерапрыемства – беларускі тэатр, Міжнародная інтэрдысцыплінарная канферэнцыя, сустрэчы з пісьменнікамі ды канцэрты калектываў з Беларусі, Польшчы і Расеі. «Пралог. Дні славянскага пісьменства і культуры» пачынаецца ў пятніцу, 19 траўня, фольк-рок операй «Усяслаў Чарадзей». Пачатак мерапрыемства ў 12:00 у Бельскім доме культуры.
Мацей Рацінеўскі, Беларускае Радыё Рацыя, Бельск Падляшскі
Фота аўтара