Васіль Шлындзікаў: Дырэктар і так “круціцца”, як можа
“Сёння кожны кіраўнік беларускага прадпрыемства – патэнцыйны кандыдат у турму”, – кажа былы дырэктар прадпрыемства “Амкадор” Васіль Шлындзікаў.
Кіраўнікам прадпрыемстваў, якія маюць даўгі, могуць абмежаваць выезд за мяжу. Гэтая мера прадугледжаная зменамі і дапаўненнямі ў закон «Аб выканаўчай вытворчасці», якія ўступілі ў сілу з 16 мая.
Васіль Шлындзікаў: У такім выпадку можна сказаць, што дырэктары паловы (а можа і больш) дзяржаўных прадпрыемстваў ужо знаходзяцца ў статусе “невыязных”. Бо ўсе яны маюць даўгі. А ўвогуле, гэтае новаўвядзенне – нейкі абсурд, не ведаю, хто прыдумвае такія “таленавітыя” рашэнні. Людзі мысляць нейкімі першабытнымі катэгорыямі, бо толку ад такога рашэння не будзе абсалютна ніякага. Няўжо кіраўнік прадпрыемства хоча, каб у яго былі даўгі? Ён і так “круціца”, як можа.
РР: Які эфект можа быць ад такога рашэнная?
Васіль Шлындзікаў: Эфект будзе такі, што і раней ніхто не хацеў ісці працаваць кіраўніком прадпрыемства, а зараз і тым больш не захочуць ісці. Гэтая пасада згубіла прэстыж, бо сёння чалавек працуе, а заўтра ні за што можа апынуцца за кратамі. Які тут прэстыж, калі сёння дырэктар прадпрыемства – патэнцыйны крымінальнік і кандыдат у турму? Усе гэтыя неадэкватныя меры прыводзяць толькі да разарэння прадпрыемстваў і эканомікі. Але нашы чыноўнікі, відаць, па-іншаму не ўмеюць кіраваць.
Кастусь Заблоцкі, Беларускае Радыё Рацыя