Габрэйскі след у гістарычнай прасторы Беларусі



Як габрэйскі след паўплываў на фармаванне беларускай гісторыі? На такую тэму адбылася дыскусія ў Берасці ў творчай прасторы тэатра „Крылы Халопа”. Тут прайшла лекцыя доктара ўрбаністыкі і архітэктуры Ірыны Лаўроўскай. Яна прэзентавала першы выпуск бюлетэня Маніторынгу гістарычнай прасторы, прысвечанага беларускім сінагогам. Праект быў рэалізаваны праз еўрапейскі фонд “Інстытут горада” і пры падтрымцы Каралеўства Нідэрландаў.

Распавяла эксперт:

– Мы працавалі два гады. Гэта быў вельмі цяжкі праект. Па-першае, мы зрабілі платформу, на якой можна працаваць вялікай колькасці людзей. Платформа – публічная электронная база дадзеных гісторыка-культурных каштоўнасцей. Адпаведна яна адкрытая, да яе можа далучацца шмат людзей. А ўжо бюлетэнь як папяровае выданне ўтрымлівае дакументы, архіўныя матэрыялы, інвентарызацыю, матэрыялы нашых падарожжаў, фотаздымкі.

Рада праекта Маніторынгу гістарычнай прасторы складаецца з прадстаўнікоў некалькіх краінаў – Беларусі, Ізраіля, Польшчы і Літвы. Матэрыялы для выдання прадставілі больш за 20 аўтараў. Бюлетэнь выдадзены накладам у 100 экзэмпляраў.

Беларускае Радыё Рацыя, Берасце

Фота natatnik.org