КДБ затрымаў групу кіраўнікоў у сферы аховы здароўя



 
 

Як паведамляе прэс-служба КДБ, 18 красавіка пры атрыманні хабару ў 2,8 тыс. еўра з доказамі злачынства быў затрыманы галоўны ўрач Пінскай цэнтральнай бальніцы, затым — яшчэ дзесяць кіруючых работнікаў сістэмы аховы здароўя Гомельскай, Магілёўскай і Гродзенскай абласцей, а таксама Мінска. Сумы незаконных грашовых узнагарод складалі ад 400 да 5 тыс. долараў ЗША.

Па інфармацыі КДБ, устаноўлена, што службовыя асобы на сістэмнай аснове атрымлівалі хабар за стварэнне ўмоў для перамогі ў ходзе тэндэрных таргоў „патрэбнага пастаўшчыка” абсталявання і рэагентаў ў інтарэсах клініка-дыягнастычных лабараторый. Пасля ўдалага афармлення здзелкі менеджары камерцыйных структур перадавалі службовым асобам незаконнае ўзнагароджанне — да 5% ад кошту рэалізаваных тавараў. Усё гэта вяло да падаражання абсталявання і рэагентаў на 30-70% для бальніц і паліклінік, а фактычна — для бюджэту краіны, з якога аплачваліся ўсе закупкі.

У дачыненні да затрыманых распачатыя крымінальныя справы па арт. 430 КК (атрыманне хабару). Ім выстаўленыя абвінавачанні, прымененая мера стрымання ў выглядзе ўтрымання пад вартай.

Акрамя супрацоўнікаў сістэмы аховы здароўя па арт. 431 КК (дача хабару) затрыманыя і змешчаныя пад варту хабарадавальнікі з ліку функцыянераў камерцыйных структур, у тым ліку кіраўнік НВПУП „Белрэамед”.

Прэс-служба КДБ таксама паведамляе, што 19 красавіка была распачатая крымінальная справа па ч. 4 арт. 210 КК (крадзеж шляхам злоўжывання службовымі паўнамоцтвамі ў асабліва буйным памеры) у дачыненні да галоўнага лекара Рэспубліканскай клінічнай бальніцы медыцынскай рэабілітацыі. Ён падазраецца ў тым, што арганізоўваў крадзеж грашовых сродкаў, якія налічваліся падначаленым яму работнікам адміністрацыі ў выглядзе прэміяльных выплат, на суму не менш за 21 тыс. рублёў. Галоўны ўрач затрыманы, яму выстаўнае абвінавачанне. Крымінальная справа для далейшага расследавання перададзеная ў Следчы камітэт.

 

БелаПАН