Місія МВФ будзе працаваць у Беларусі 5-12 чэрвеня
Місія Міжнароднага валютнага фонду на чале з яе кіраўніком па Беларусі Пітэрам Долманам будзе працаваць у Менску 5-12 чэрвеня, паведамілі БелаПАН у прадстаўніцтве МВФ у Беларусі.
Эксперты фонду абмяркуюць з прадстаўнікамі органаў дзяржкіравання сітуацыю ў эканоміцы краіны і правядуць падрыхтоўчую працу напярэдадні штогадовай місіі МВФ паводле артыкула IV, якая чакаецца ў кастрычніку.
Як паведамлялася, беларускія ўлады вядуць перамовы пра атрыманне новага крэдыту МВФ на 3 млрд даляраў прыкладна пад 2,3% на 10 гадоў.
Выступаючы 21 красавіка ў парламенце, Лукашэнка закрануў супрацу з Міжнародным валютным фондам і даў зразумець: беларускі бок не падзяляе рэкамендацыі МВФ па шэрагу ключавых пытанняў. „Яны (МВФ) нам прапісалі матрыцу, мы селі, паглядзелі. Падыходзіць. Гэта не можам. Не можам напружваць народ, цяжка яму зараз. Па дзяржпрадпрыемствах. Не, гэта мы не здолеем сёння зрабіць. Не таму, што гэта няправільна. Таму, што нам пакуль гэта не падыходзіць. Нам трэба разабрацца спачатку з гэтымі прадпрыемствамі”, — падкрэсліў Лукашэнка.
Ён даручыў Міністэрству антыманапольнага рэгулявання і гандлю, нягледзячы на рэкамендацыі МВФ, якія тычацца лібералізацыі цэнаўтварэння, працягваць кантраляваць цэны.
Незалежныя эксперты мяркуюць, што заявы Лукашэнкі пра неабходнасць кантролю за цэнамі не будуць ухваленыя прадстаўнікамі МВФ, і заключэнне крэдытнай праграмы Беларусі з фондам найбліжэйшым часам малаверагоднае.
Паводле БелаПАН