Журналістку Шчыракову пакаралі штрафам за стрым
Суд Гомельскага раёна 19 траўня прызнаў журналістку Ларысу Шчыракову вінаватай у правапарушэнні, прадугледжаным артыкулам 22.9 КоАП (незаконны выраб прадукцыі СМІ), і аштрафаваў яе на 35 базавых велічынь.
Пратакол, складзены супрацоўнікамі Чыгуначнага РАУС Гомеля, разглядаў суддзя Андрэй Сусло.
1 траўня ў Гомелі адбыўся мітынг, ініцыяваны актывістамі „левых” арганізацый. Ларыса Шчыракова вяла з акцыі анлайн-трансляцыю, якая ў далейшым была выкарыстаная польскім тэлеканалам „Белсат”. „Шчыракова ажыццяўляла публікацыю відэаздымкаў на сайце тэлеканала „Белсат”, не маючы акрэдытацыі як замежны журналіст у МЗС”, — гаворыцца ў міліцэйскім пратаколе.
Сваю віну журналістка не прызнала. У судзе яна заявіла: нацыянальны закон, які дазваляе караць толькі за тое, што чалавек займаецца журналістыкай, — анахранізм, і ён, „як Карфаген, павінен быць разбураны”, гэта значыць адменены. „Я здымала і буду здымаць. Калі вы, высокі суд, зараз выйдзеце на вуліцу і запытаеце ў любога чалавека: гэта нармальна — даць штраф у тысячу рублёў журналістцы толькі за тое, што яна асвятляла мітынг на 1 мая, то вы не знойдзеце такога чалавека, які б пагадзіўся з такім пакараннем”, — заявіла Шчыракова.
Журналістка прасіла суд у матывавальнай частцы растлумачыць ёй, на падставе чаго яе правы, гарантаваныя Канстытуцыяй і міжнароднымі абавязацельствамі Беларусі, абмяжоўваюцца. „Права на распаўсюджванне інфармацыі можа быць абмежаванае, калі ёсць парушэнне правоў іншых грамадзян, ці гэта нясе пагрозу нацыянальнай бяспекі, ці здароўю людзей. Але чые менавіта правы я парушыла, калі здымала мітынг?” — пацікавілася Шчыракова.
Гэта ўжо чацвёрты буйны штраф з пачатку 2017 года, які журналістка атрымала на падставе артыкула 22.9 КоАП. Штрафы складалі 30—40 базавых велічынь.