У Курапатах пройдзе шэраг талокаў



На тэрыторыі мемарыяла ахвярам сталінскіх рэпрэсій пройдзе шэраг талокаў. Іх сумесна правядуць грамадская ініцыятыва „Эксперты ў абарону Курапатаў” і „Малады Фронт”.

Бліжэйшая талака адбудзецца 20 траўня. Як кажа грамадскі актывіст, гісторык Марат Гаравы, ідэя правядзення серыі талокаў не была спантаннай:

– І зараз мы разам з „Маладым Фронтам” такія талокі будзем праводзіць напрыканцы траўня і цягам чэрвеня. Мяркуецца не толькі ачысціць запаведны лес ад  смецця і хмызняку. Не гэта галоўнае. А галоўнае – упарадкаваць асобныя мясціны, асабліва звязаныя з гістарычнай тапаграфіяй Курапатаў.

Гэта роў, які знаходзіўся перад плотам у паўднёва-усходняй частцы расстрэльнага палігону. Гэта  яміны, якія засталіся на месцы былой будкі ахоўнікаў і былых назіральных вышак. Таксама неабходна пазначыць пачатак і канец „дарогі смерці” праз поле паміж цяперашнім „Экспабелам” і Курапатамі, а таксама месца, дзе былі вароты, праз якія ў курапацкі лес заязджалі машыны з вязнямі. Таксама плануецца разбіць некалькі новых кветнікаў і ўпарадкааць шэраг мемарыяльных крыжоў.

РР: Як Вы ацэньваеце цяперашні стан мемарыялу?

Марат Гаравы: „Нармальны стан. Грамадзянская супольнасць стварыла мемарыял і падтрымлівае яго ў нармальным стане. Асабліва ўлічваючы нашыя мажлівасці, — нармальны стан. І ён будзе паляпшацца з кожным годам. Таму што ўсё больш і больш людзей далучаюцца да гэтага чыну, — да ўпарадкаваня Курапатаў. І нават сама дзяржава  стварыла Бараўлянскі  спецлесгас, які пачысціў запаведны лес ад хмызняку і ад засохлых дрэваў. Таксама шмат зрабілі грамадскія актывісты з ініцыятывы „За ўратаванне Курапатаў”. І актывісты Кансерватыўна-Хрысціянскай Партыі БНФ падтрымліваюць у парадку ўвесь час цэнтральную частку народнага мемарыялу — і кветкі высаджваюць, і крыжы замяняюць, і ставяць новыя крыжы. Таму супольнымі высілкамі Курапаты зараз у нармальным выглядзе.

РР: А чаму менавіта з „Маладым Фронтам” вы вырашылі праводзіць талокі?

Марат Гаравы: „Таму што я быў на іхняй талацэ, паглядзеў, як яны гэта робяць і мне спадабалася. Рабілі яны грунтоўна, з душой, шчыра, і вельмі разумна.  Яны праводзяць талокі не абы дзе, яны праводзяць іх  на самых адказных фрагментах Курапатаў, на тых частках, якія патрабуюць найбольшай увагі, самых засмечаных, самых цяжкадаступных. Я цэлы дзень з імі быў, паглядзеў і мне вельмі спадабалася і таму я прапанаваў ім парацаваць разам з намі. У нашай  ініцыятыве публіка больш сталага веку і нам, канешне, цяжкавата. Яны пагадзіліся з задавальненнем. Думаю, нам будзе цікава з імі і плён будзе харошы.

Лідар „Малаога Фронту” Зміцер Дашкевіч: „Нас папрасіў Марат Гаравы дапамагчы і разам правесці талаку. Бо ён каардынуе ўжо больш сталае пакаленне, прадстаўнікам якога, можа, не так проста працаваць у спёку, як моладзі. Мы канешне, рады, што людзі, якія адкрывалі Курапаты, баранілі іх увесь час і моладзь разам будуць там працаваць”.

РР: А чаму менавіта на тэме Курапатаў, на тэме рэпрэсій сталінскіх часоў так засяроджаны апошнім часам „Малады Фронт”? Не так даўно баранілі Курапаты ад новабуду, талокі рэгулярна праводзіце?

Зміцер ДашкевічУ прынцыпе, Курапатамі мы ўвесь час займаліся. І ў 2001 годзе баранілі, і талокі праводзілі. Ну, у той меры, у якой дазваляў час, сілы, прысутнасць на волі, увогуле, многіх сяброў „Маладога Фронту”. А калі казаць пра тэматыку Курапатаў, то яна, канешне, ключавая,  яна асноватворная ў беларускай нацыянальнай ідэі. І той рух антысавецкі, патрыятычны, які ўздымаўся ў канцы 80-х, пачатку 90-х гадоў, ён базаваўся менавіта на тым, што народ вяртае памяць пра нявінна забітых, пра рэпрэсаваных за Беларусь. Наша дзейнасць, — і „Маладога Фронту”, і іншых дэмакратычных сілаў, — усіх, напэўна, трымаецца на тым гераічным вычыне, які рабілі людзі ў першай палове XX стагоддзя, ахвяруючы сабой дзеля Беларусі. Не было б іх — не было б і нас увогуле”.

Як кажа грамадскі актывіст, да такіх мясцінаў найперш адносяцца тыя, якія звязаны з гістарычнай тапаграфіяй Курапатаў. Напрыклад, яміны, што засталіся на месцах былой будкі ахоўнікаў і назіральных вышак.

Таксама ідзе гаворка пра тое, каб пазначыць пачатак і канец так званай “дарогі смерці”  і варотаў, праз якія заязджалі машыны з вязнямі ў Курапацкі лес – і гэта толькі частка планаў.

Беларускае Радыё Рацыя, Менск