Фестываль імя Булата Акуджавы ў Гайнаўцы
I Міжнародны фестываль бардаўскай песні імя Булата Акуджавы ў Гайнаўцы пройдзе ў гэтую нядзелю . Яго арганізуе сацыяльна-культурніцкае таварыства „Granie bez granic”. Сёлета спаўняецца 90 гадоў з дня нараджэння барда. На фестываль прыедзе Вольга Акуджава – ўдава мастака. Расказвае адзін з арганізатараў фестывалю Анатоль Баровік (на фота):
– Хочам ушанаваць ягоную памяць, успомніць яго творчасць. Хоць упэўнены, што ў Польшчы ды і ва ўсім свеце ў сэрцы цэлага пакалення жыве памяць пра Булата. Мы задумалі фестываль Акуджавы, а не канцэрт ягонай памяці. Да нас прыедзе ўдава барда, яна ўзяла патранат над фестывалем.
Акрамя таго, свой удзел у фестывалі пацвердзілі генеральны дырэктар фестывалю Булата Акуджавы ў Маскве Аляксандр Цыркель і многія вядомыя барды з Расеі, Украіны, Балгарыі, выканаўцы паэтычнай песні ў Польшчы. У рамках фестывалю пройдзе конкурс сярод дзяцей і падлеткаў ва ўзросце 10-17 гадоў і дарослых. Гала-канцэрт з удзелам пераможцаў, выканаўцаў з Польшчы і з-за мяжы адбудзецца 13 ліпеня ў 19:00 у Дзяржаўным Амфітэатры ў Гайнаўцы.
Беларускае Радыё Рацыя