Вечар бэзавы: Лірычныя мініяцюры Сакрата Яновіча



Знакамітыя лірычныя мініяцюры пісьменніка з падляшскага мястэчка Крынкі Сакрата Яновіча загучалі ў музычнай апрацоўцы. Свет памежны раскрываецца ў лірычных бэзавых мантрах, спробах зразумець чалавечую прыроду і балансаванне на гэтай умоўнай мяжы Беларусі і Польшчы.

Для таго, каб прадставіць праект у Менску, музыкі некалькі дзён правялі ў студыі, шукаючы адпаведны музычны баланс. Кажа адзін з ўдзельнікаў праекта „Miniatury” ды лідар гурту „Port Mone” Аляксей Варсоба: Гэта памежная зона і пытанні, звязаныя з тым, хто мы і дзе мы знаходзімся, наколькі вольна адчуваем сябе на сваёй тэрыторыі, як яе ідэнтыфікуем, вельмі важныя і тычацца нас. Межы – гэта нейкі анахранізм. Тое, што тычыцца „Мініяцюр”, то мне вельмі прыемна, што яны вытрыманыя ў такім стылі, калі няма нейкага канкрэтнага наратыву. А ёсць толькі пах тэрыторыі, чалавечых спраў, падзей”.

20 траўня ў межах „Unsound Dislocation X Mental Force” менскі гурт „Port Mone Trio”, польскі музыка Міхал Яцашэк і беларускі музыка і творца з Беласточчыны Юрка Асеннік прадставілі супольны праект з адмысловай назвай „Miniatury”.

“Крынкі жывуць унутры кожнага з нас. Праязджаючы па Беларусі з Міхалам, мы заязджалі ў нейкія мястэчкі па дарозе, бачылі тыя самыя Крынкі і тыя ж адчуванні, што апісваў Сакрат, – кажа ўдзельнік праекта Юрка Асеннік. – Цікава, што Міхал Яцашэк – паляк, я – польскі беларус. Мы – мясцовыя беларусы-музыкі, мы ствараем беларушчыну на аснове літаратуры таксама беларуса з Польшчы. Я пазнаёміўся з Сакратам напрканцы 80-ых. Мініяцюры – гэта мая тоеснасць, такі свет дзяцінства. Калі б я меў такі талент пісаць, я б хацеў так пісаць. Але калі Сакрат ужо так напісаў, няма сэнсу рабіць гэта, бо лепш за гэта не зробіш. Усе тэксты вельмі асабістыя, вельмі ўніверсальныя. Кожны чалавек з іншай краіны, калі ў яго ёсць такая ўражліваць, можа лічыць сваімі. Адначасова з тым, яны вельмі падляшскія, беластоцкія, крынкаўскія. Там і беларушчына, і каханне”.

Супольная праца музыкаў пачалася яшчэ тры гады таму. У мінулым годзе ў сядзібе Сакрата Яновіча творцы зладзілі першую прэзентацыю „Мініяцюр” – вяргіневы вечар, а на менскай сцэне прэзентавалі вечар бэзу.

У Крынках вяргіні растуць наўпрост на падворку. Зараз у Менску мы наламалі бэзу каля самой залі. Усё вельмі натуральна. У тэкстах Сакрата шмат пра каханне, настальгію. Усе ўдзельнікі праекта – кожны з іншага свету, але мы ўсе рамантыкі. Таму нам лёгка працуецца разам”, – дадае Юрка Асеннік.

Выступы ў межах праекта ў Крынках і Менску зусім не падобныя, адзначаюць музыкі: кожны раз, выкарыстоўваючы тыя ж тэксты, удзельнікі праекта спрабуюць стварыць непаўторную атмасферу.

Цалкам гутарка з музыкамі праекта „Miniatury” ў далучаным файле:

Алена Вільтоўская, Беларускае Радыё Рацыя, Менск

Фота аўтаркі