У Менску адбыўся IV форум польскай адукацыі (абноўлена)



Польскія школы ў Гародні і Ваўкавыску апынуліся пад пагрозай знішчэння – да такой высновы прыйшлі удзельнікі чацвёртага форума польскай адукацыі, які адбыўся ў Менску. Падставай для занепакоенасці стаў праект Закона Рэспублікі Беларусь «Аб унясенні змяненняў і дапаўненняў у Кодэкс Рэспублікі Беларусь аб адукацыі». Законапраект, у прыватнасці, прадугледжвае выкладанне большасці прадметаў у школах нацыянальных меншасцяў на дзяржаўных мовах, што, па словах старшыні галоўнай рады Саюза палякаў на Беларусі Анжалікі Борыс, з’яўляецца парушэннем правоў, гарантаваных канстытуцыяй. –      Наверсе прымаюць рашэнне, якое становіцца падставай для ўвядзення зменаў. Пагроза ў тым, што больш ніякіх школ з польскай мовай навучання ў Беларусі проста не будзе. Дзеці будуць навучацца на расейскай мове.

Саюз палякаў у Беларусі сабраў больш за тысячу подпісаў пад лістом да міністра адукацыі Сяргея Маскевіча з патрабаваннем не ўносіць папраўкі ў законапраект “Аб адукацыі”. Подпісы за захаванне статусу польскіх школ збіраюць і бацькі дзяцей, якія наведваюць навучальныя ўстановы ў Гародні і Ваўкавыску. * * * Пераслед настаўнікаў польскай мовы  ў Беларусі  з боку прадстаўнікоў мясцовай улады, неабходнасць падпісання польска-беларускай адукацыйнай дамовы, адсутнасць патрэбнай  колькасці падручнікаў і  немагчымасць адкрыцця школьных факультатываў польскай мовы ў рэгіёнах, густа заселеных прадстаўнікамі польскай меншасці, – гэта далёка не поўны спіс праблемаў, агучаны на чацвёртым форуме  польскай адукацыі, што адбыўся ў Менску.  Іх вырашэннем у першую чаргу павінны заняцца польскія дыпламаты – лічыць кіраўнік консульскага аддзела Амбасады Рэспублікі Польшча на Беларусі Марэк Пэндзіх. –      Дзеля гэтага і праводзіцца форум настаўнікаў польскай мовы, каб даведацца, што іх хвалюе, у чым можам ім дапамагчы, у якім кірунку мусім наладжваць супрацу з беларускімі ўладамі, пра што трэба іх прасіць, пра што варта з імі гаварыць.

У Беларусі цягам апошніх дзесяці гадоў  колькасць вучняў, якія вывучаюць польскую мову, скарацілася больш, чым на 4 000 асобаў. Адначасова назіраецца тэндэнцыя да скарачэння школ і колькасці факультатываў, а як след – і настаўнікаў польскай мовы. Пачынаючы з 2004 года, колькасць педагогаў зменшылася на 115 чалавек. * * * Чацвёрты форум польскай адукацыі арганізаваны амбасадай Польшчы ў Беларусі. Каля ста настаўнікаў польскай мовы і літаратуры і прадстаўнікоў трох  польскіх дыпламатычных пляцовак ды  грамадскіх арганізацый  абмеркавалі праблемы і перспектывы развіцця польскай адукацыі ў краіне. Кажа кіраўнік консульскага аддзела Амбасады Польшчы ў  Беларусі Марэк Пэндзіх. –     Галоўная мэта форуму – ацэнка сітуацыі навучання польскай мове і родных прадметаў у Беларусі як у дзяржайнай сістэме адукацыі, так і грамадскіх адукацыйных установах. Гэтыя дзве сістэмы дзейнічаюць паралельна і незалежна.

На форум польскай адукацыі не здолелі прыехаць дзясяткі настаўнікаў  польскіх школ з Гародні і Ваўкавыска. Адміністрацыя навучальных установаў, паводле загаду мясцовых уладаў, пад страхам звальнення забараніла сваім падначаленым удзельнічаць у мерапрыемствах. У выніку ўдзел у форуме прынялі ў асноўным педагогі, якія выкладаюць польскую мову ў грамадскіх школах. Беларускае Радыё Рацыя, Менск Фота dmmi.edu.ua