Алесь Лагвінец стаў адным з лідараў новага аб’яднання „Дзея”



Палітык і грамадскі актывіст Алесь Лагвінец стаў адным з лідараў даследча-асветніцкага грамадскага аб’яднання „Дзея”.

„Аб’яднаннем будзе кіраваць калегіяльны орган — савет — з дзевяці чалавек. Мэты аб’яднання: садзейнічанне дэмакратычным зменам у краіне, у тым ліку нацыянальнаму адраджэнню, пашырэнню прасторы свабоды, а таксама грамадзянская адукацыя, фармаванне лідараў з яго атачэння”, — паведаміў Лагвінец.

Паводле яго слоў, ва ўстаноўчым сходзе арганізацыі 20 мая ўзялі ўдзел 50 чалавек. „Будзем падаваць дакументы на рэгістрацыю. Шанцы на яе заўсёды ёсць. Але правёўшы ўстаноўчы сход, мы ўжо маем суб’ектнасць. Галоўнае, мы стварылі арганізацыю, каб рухацца наперад, а не азірацца назад”, — сказаў Лагвінец.

У пачатку сакавіка ён выйшаў са складу праваабаронча-асветніцкага грамадскага аб’яднання „Рух „За Свабоду”. Каментаваць прычыны палітык не стаў.

Лагвінец заявіў, што плануе займацца тым жа, чым і раней, але „з большай эфектыўнасцю: адукацыяй, дапамогай людзям, рашэннем мясцовых праблем, працай з моладдзю”.

На справаздачна-выбарчай канферэнцыі руху „За Свабоду” 16 кастрычніка 2016 года Лагвінец разам з Юрыем Губарэвічам вылучаўся на пасаду кіраўніка арганізацыі, але паводле вынікаў галасавання прайграў. Лагвінцу прапанавалі заняць пасаду першага намесніка старшыні руху, аднак ён адмовіўся, пагадзіўшыся ўвайсці ў савет арганізацыі і, як ён заяўляў раней, заняцца праблемамі мінскай гарадской арганізацыі.

Падчас парламенцкіх выбараў 2016 года Лагвінца не зарэгістравалі ў якасці кандыдата ў сталічнай Сухараўскай акрузе, аднак ён быў актыўным назіральнікам на ўчастку, які ўзначальваў вядомы бізнесмен Павел Тапузідзіс.

Алесь Лагвінец нарадзіўся ў 1972 годзе. Скончыў Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт па спецыяльнасці „міжнародныя адносіны” (1995), магістратуру ва ўніверсітэце Рабэра Шумана ў Францыі (1999), польскую дыпламатычную акадэмію (2005). Працаваў перакладчыкам у Еўрапарламенце (валодае англійскай, французскай і польскай мовамі), выкладчыкам у ЕГУ. У межах Беларускага калегіума выкладае курс пра інтэграцыйныя працэсы і інстытуты ЕЗ. З 2012 года быў намеснікам старшыні руху „За Свабоду”. Жанаты, у яго двое дзяцей.

belapan.by