Да канца года літр бензіну можа каштаваць 11 тысяч рублёў



Кошт паліва ў Беларусі, хутчэй за ўсё, будуць пераглядаць раз у тры месяцы. Павялічваць цэны на бензін і салярку будуць у канцы кожнага квартала. Такую схему змены цэннікаў на запраўках агучваюць прадстаўнікі нафтагазавай сферы.

Нядаўна канцэрн «Белнафтахім» заявіў пра тое, што цяпер кошт літра бензіну ў Беларусі будзе прывязаны да даляра. Праўда, схему, паводле якой будуць змяняцца цэны, афіцыйна так і не агучылі. Калі кошты будуць мяняцца раз у квартал, то атрымліваецца, што бліжэйшае падаражэнне трэба чакаць да канца снежня. Больш за тое, кошт паліва цяпер можна яшчэ і спрагназаваць. У сярэднім даляр даражэе ў нас на 120 рублёў у месяц.

Калі такія тэмпы захаваюцца, то да канца года даляр будзе каштаваць  11 тысяч рублёў. Столькі ж трэба будзе плаціць і за літр самага хадавога 92-га бензіну.

Цяпер літр паліва каштуе 10 600 рублёў, апошняе падаражэнне адбылося 1 кастрычніка.

Беларускае Радыё Рацыя

Фота nnm.me