Ва Украіне ўвялі квоту 75% украінскай мовы на тэлебачанні
Вярхоўная Рада Украіны канчаткова ўхваліла праект закона аб моўных квотах на ТБ.
Дакумент падтрымалі 269 дэпутатаў — прадстаўнікі амаль усіх фракцый і груп парламента, акрамя „Апазіцыйнага блока”.
Праект прадугледжвае, што для агульнанацыянальных і рэгіянальных тэлекампаній доля перадач і фільмаў на ўкраінскай мове павінна складаць не менш за 75%.
Для мясцовых тэлерадыёкампаній уводзіцца квота на ўкраінскамоўны прадукт у 50%.
Долю будуць лічыць за тыдзень — пагадзінна: з 7:00 да 18:00 і з 18.00 да 22.00.
Ад ідэі лічыць квоту кожную асобную гадзіну штодня адмовіліся.
Зараз на многіх тэлеканалах Украіны дамінуе расейская мова.