Спецдакладчык ААН: улады Беларусі вяртаюцца да шырокамаштабных рэпрэсій



Новы даклад спецдакладчыка ААН па Беларусі Міклаша Харасці будзе прадстаўлены 14 чэрвеня на сесіі Савета ААН па правах чалавека. У ім аналізуюцца падзеі, якія адбыліся ў Беларусі з 1 красавіка 2016-га па 31 сакавіка 2017 года.

Тэкст даклада апублікаваны на сайце вярхоўнага камісара ААН па правах чалавека.

Спецдакладчык выказвае шкадаванне ў сувязі з „хуткім і рэзкім пагаршэннем агульнай сітуацыі з правамі чалавека” ў Беларусі ў названы перыяд. Ён адзначае „вяртанне ўрада Беларусі да палітыкі шырокамаштабных рэпрэсій у дачыненні да грамадзян, якія ажыццяўляюць свае правы або адстойваюць іх”.

Харасці таксама занепакоены рэакцыяй беларускіх уладаў на пратэсты супраць дэкрэта № 3 „Аб папярэджанні сацыяльнага ўтрыманства”. „На працягу сакавіка 2017 года па ўсёй краіне ўрад ажыццяўляў цэнтралізаваныя рэпрэсіі ў дачыненні да мірных дэманстрантаў, праваабаронцаў, палітычных апанентаў і журналістаў, а таксама замежных назіральнікаў, — гаворыцца ў дакладзе. — Рэпрэсіі дасягнулі сваёй кульмінацыі на 25 сакавіка (Дзень Волі), дня народнага, але не прызнанага афіцыйна, святкавання нацыянальнай незалежнасці. Акрамя таго, улады звярталіся да прэвентыўных затрыманняў палітычных апанентаў і грамадзянскіх актывістаў, некаторыя з якіх прайшлі без агалоскі, а іншыя суправаджалася публічнымі абвінавачваннямі ў падрыхтоўцы ўзброенай змовы з мэтай скінуць урад, што дае магчымасць прымусіць апанентаў замаўчаць на некалькі гадоў”.

У дакладзе адзначаецца, што за час сакавіцкіх пратэстаў больш за 900 чалавек цярпелі розныя формы рэпрэсій у сувязі з удзелам у акцыях пратэсту. „Сакавіцкая хваля масавых затрыманняў аказалася самай суровай з часоў рэпрэсій, якія ішлі за выбарамі ў снежні 2010 года”, — падкрэслівае Харасці.

Спецдакладчык занепакоены тым, што „рэакцыяй на пратэсты, выкліканыя несправядлівым дэкрэтам, у адпаведнасці з якім быў уведзены адмысловы збор для беспрацоўных, сталі затрыманні, адвольныя арышты і пазбаўленне волі па сфабрыкаваных абвінавачваннях у дачыненні да больш за 900 чалавек, у тым ліку лідэраў апазіцыі, праваабаронцаў, журналістаў і замежных гасцей”.

У дакладзе адзначаецца, што ў сакавіку 2017 года беларускія СМІ сутыкнуліся з „надзвычайным націскам з боку ўладаў” — было зафіксавана 123 выпадкі парушэння правоў журналістаў. „Паведамлялася пра амаль 100 затрыманняў і 40 выпадкаў адміністрацыйнага пераследу журналістаў, у выніку чаго ў дзесяці выпадках журналісты былі прыгавораныя да арыштаў ад 5 да 15 сутак. На момант складання гэтага дакладу разгляд некалькіх выпадкаў яшчэ не быў завершаны”, — гаворыцца ў дакуменце.

Харасці таксама звяртае ўвагу на новыя выпадкі прымянення смяротнай кары. „У 2016 годзе ў Беларусі было пакарана чатыры чалавекі, — гаворыцца ў дакладзе. — Гэта максімальная з 2008 года колькасць пакаранняў смерцю, пра якія было абвешчана, што сведчыць аб аднаўленні гэтай практыкі пасля частковай адмены Еўрасаюзам у лютым 2016 года санкцый у дачыненні да Беларусі, прытым што ў 2015 годзе — да адмены санкцый — у краіне не было смяротных пакаранняў.

Пры гэтым Харасці зазначае, што справы трох з чатырох расстраляных на момант прывядзення прысуду ў выкананне знаходзіліся на разглядзе Камітэта ААН па правах чалавека.

Акрамя таго, былі вынесеныя чатыры новыя смяротныя прысуды. Харасці падкрэслівае, што Беларусь застаецца адзінай краінай у Еўропе і на постсавецкай прасторы, якая прымяняе смяротнае пакаранне.

Спецдакладчык лічыць неабходным працягваць міжнароднае назіранне за сітуацыяй у Беларусі, бо „яно застаецца вельмі важнай крыніцай дапамогі для грамадзян і ўрада Беларусі”. „Прызнанне таго, што ўрад выконвае свае міжнародныя абавязацельствы, павінна грунтавацца на паказчыках у галіне правоў чалавека, а не на расплывістай прыхільнасці або геапалітычных меркаваннях”, — гаворыцца ў дакладзе.

Яго аўтар зноў заяўляе пра сваю гатоўнасць супрацоўнічаць з урадам Беларусі. (Афіцыйны Мінск адмаўляецца супрацоўнічаць з Харасці і не дае яму дазволу на наведванне краіны.)

Даклад утрымлівае шэраг рэкамендацый для беларускіх уладаў. У прыватнасці, рэкамендуецца „спыніць усе бягучыя рэпрэсіўныя працэдуры, пачатыя ў святле нядаўніх грамадскіх пратэстных рухаў, і вызваліць усіх палітычных зняволеных, пэўных асоб і журналістаў”, а таксама пакласці канец масавым затрыманням і адвольным арыштам у адказ на правядзенне мірных сходаў.

Харасці заклікае адмяніць дэкрэт № 3 і артыкул 193.1 Крымінальнага кодэкса (дзейнасць ад імя незарэгістраванай арганізацыі).

Уладам рэкамендавана адмовіцца ад „палітыкі, заснаванай на выдачы дазволаў і акрэдытацыі, і развіваць паведамляльную сістэму з тым, каб забяспечыць выкананне правоў на свабоду сходаў, асацыяцыі і свабоднае выказванне меркаванняў”.

Рэкамендуецца таксама зарэгістраваць арганізацыі грамадзянскай супольнасці і палітычныя партыі, якім раней было адмоўлена ў рэгістрацыі.

Міклаш Харасці заклікае Менск увесці мараторый на смяротнае пакаранне і „пакласці канец практыцы дыскрымінацыі ў дачыненні да пэўных асоб і груп, якія аказваюцца ў ізаляцыі з прычыны іх прыналежнасці да меншасці”.

БелаПАН