Горад, які належаў паляку, украінцу ды рускаму



З дэлегацыяй незалежных беларускіх журналістаў давялося наведаць Украіну, пазнаёміцца з гісторыяй Чаркашчыны і зведаць сапраўдную ўкраінскую гасціннасць. Падчас візіту пабывалі ў некалькі невялікіх гарадах і пазнаёміліся з іх цікавай гісторыяй, прыгожымі краявідамі і таленавітымі людзьмі. Больш за ўсё запомнілася Камянка.

Камянка — мястэчка з колькасцю насельніцтва каля 12 000, заснаванае ў  XVII стагоддзі і размешчанае  ў паўднёва-ўсходняй частцы Чаркаскай вобласці Украіны на рацэ Цясмін.

У розныя гады маёнтак Каменка належаў польскаму магнату Любамірскаму, гетману Украіны Хмяльніцкаму і расейскаму генералу-фельдмаршалу Пацёмкіну-Таўрычнаму. Пры падзеле яго ўладанняў Камянка перайшла да пляменніцы, Кацярыне Давыдавай, якая стварыла там сапраўднае «дваранскае гняздо».

Далейшая гісторыя Каменкі звязана з імёнамі герояў Айчыннай вайны 1812 года  Раеўскага, Ярмолава, паэта-партызана Дзяніса Давыдава, з актыўнай дзейнасцю дзекабрыстаў Паўднёвага таварыства (Давыдаў, Валконскі, Арлоў, Якушкін ды інш.). Гэты невялікі горад у той час стаў адным з цэнтраў дзекабрысцкага руху.

На працягу 1820 – 1822 гадоў у Каменку некалькі разоў прыязджаў рускі паэт Аляксандр Пушкін. Тут ён пазнаёміўся з сям’ёй Давыдавых. У час знаходжання ў Каменцы Пушкін напісаў вершы «Нерэіда», «Я перажыў сваё жаданне», скончыў паэму «Каўказскі палонны». А ў паэме «Яўген Анегін» паэт нават узгадвае само мястэчка Каменка. У знак удзячнасці ў Каменцы і да гэтай пары працуе літаратурна-мемарыяльны музей у гонар паэта ды яшчэ аднаго вядомага расейскага кампазітара.

На працягу 1865 – 1878 гадоў амаль штогод у Каменку ў госці да сваёй сястры Аляксандры Іллінічны, якая была жонкай Л. В. Давыдава, прыязджаў Пётр Чайкоўскі.

Чайкоўскі працаваў тут над фартэпіянным цыклам «Поры года», другім фартэпіянным канцэртам, операмі «Яўген Анегін», «Чаравікі», «Мазепа» і «Арлеанская дзева», балетам „Лебядзінае возера”. Тут быў напісаны «Дзіцячы альбом». Усяго ў Камянцы ён стварыў каля дваццаці музычных твораў.

Галоўнай славутасцю горада з’яўляецца Дзяржаўны гісторыка-культурны запаведнік, які аб’яднаў некалькі пастаянна дзеючых музейных экспазіцый, мемарыяльны дом-сядзібу, архітэктурныя помнікі, скульптуры, парк XVIII стагоддзя, а таксама архіўныя і бібліятэчныя фонды. Запаведнік захоўвае і развівае культурнае жыццё ў Каменцы. Там праводзяцца пушкінскія святы паэзіі, музычныя конкурсы памяці Чайкоўскага.

Яшчэ адным з вядомых будынкаў горада з’яўляецца спіртзавод. У 1820 годзе ў Каменцы было выяўлена радовішча падземных вод. Гэтая вада, якая валодае ўнікальнымі прыроднымі ўласцівасцямі, і паслужыла  імпульсам для развіцця тут лікёра-гарэлачнай вытворчасці і будаўніцтва аднаго з першых у рэгіёне спіртавога завода.

Каля Камянкі ў лесе стаіць камень з надпісам, які распавядае пра тое, што калісьці на гэтым месцы гайдамакі асвячалі зброю на барацьбу за волю Украіны і сваіх нашчадкаў. Беларускія журналісты разам з украінскімі, турэцкімі, грузінскімі калегамі наведалі і гэтае месца. Падчас візіту мясцовы праваслаўны святар прапанаваў журналістам асвяціць свае прылады працы: відэакамеры, фотаапараты, дыктафоны ды асадкі. Галоўнай мэтай гэтага працэсу было тое, каб журналісты выкарыстоўвалі свае прылады працы толькі для адлюстравання праўдзівай і аб’ектыўнай інфармацыі.

Таццяна Смоткіна, Беларускае Радыё Рацыя