Салігорскі „Шахцёр” захоўвае лідарства



24 траўня пачаўся 10-ы тур футбольнага чэмпіянату Беларусі. Яго „галоўны цвік”забіваўся на сталічным „Трактары”, дзе сустракалася пара з групы лідараў. Менскае „Дынама” прымала салігорскі „Шахцёр”. Матч скончыўся выніковым мірам 2:2.

Нягледзячы на тэрытарыяльную перавагу ў першым тайме салігорцаў, лік адкрылі гаспадары – у патрэбным месцы апынуўся Аляксандр Сачыўка, які даслаў мяч у браму Уладзіміра Бушмы. „Шахцёр” адыграўся на 41-й хвіліне – пенальці зарабіў і сам рэалізаваў Віталь Лісаковіч. Цікава, што салігорцы ўжо чацвёрты раз у чэмпіянаце паспяхова выканалі пенальці і кожны раз гэта рабілі розныя футбалісты.

На пачатку другой паловы свой 4-ы мяч у першынстве забіў дынамавец Антон Сарока. Амаль да канца сустрэчы „бела-блакітныя” кантралявалі сітуацыю, а салігорцы выглядалі надзвычай інертнымі. І ўсё ж на апошніх секундах матча гасцям удалося параўняць лік – пасля навесу Ігара Бурко форвард Сяргей Хіжнічэнка галавой пераправіў мяч у сетку.

„Шахцёр” застаўся на лідарскай пазіцыі – у яго стала 23 ачкі, „Дынама” з 19 пунктамі ідзе пакуль трэцім.

У іншым матчы дня магілёўскі „Дняпро” на сваім полі адолеў берасцейскае „Дынама” – 1:0. Гол на рахунку ўкраінскага легіянера Яўгена Чумака. „Дняпро” набраў 15 ачкоў і перамясціўся на 7-ы радок турнірнай табліцы. У берасцейцаў засталося 10 і толькі 11-е месца.

Беларускае Радыё Рацыя