Андрэй Бандарэнка: Пра “справу Жамчужнага” трэба нагадваць
Былы кіраўнік праваабарончай арганізацыі «Платформ Іннавэйшн» Андрэй Бандарэнка распавядае пра тое, ці можа Захад паспрыяць вызваленню палітвязня Міхаіла Жамчужнага.
Нагадем, не так даўно стала вядома, што Міхаіл Жамчужны пераведзены ў папраўчую калонію №11 у Ваўкавыску, зараз ён знаходзіцца там у каранціне.
Заснавальнік “Платформ Інавэйшн” ў ліпені 2015 года быў асуджаны Віцебскім абласным судом на 6 гадоў пазбаўлення волі ў калоніі строгага рэжыму. 23 кастрычніка судовая калегія па крымінальных справах Вярхоўнага суда разгледзела касацыйную скаргу і прызначыла Жамчужнаму больш строгае пакаранне – шэсць з паловай гадоў пазбаўлення волі.
Ён быў прызнаны вінаватым у здзяйсненні злачынстваў, прадугледжаных арт. 376 (часткі 1 і 2), ч.5 арт. 16, арт. 375 (частка 1) і арт. 431 (часткі 1 і 2): падбухторванні да наўмыснага разгалошвання звестак, якія складаюць службовую таямніцу; незаконным набыцці і збыце спецыяльнага тэхнічнага сродку, прызначанага для сакрэтнага атрымання інфармацыі, у тым ліку — паўторна; дачы хабару і дачы хабару паўторна.
Андрэй Бандарэнка: У лістах Міхаіл піша пра некаторых ілжэправаабаронцах кшталту Красуцкай, якія рэальнымі справамі не займаюцца, а толькі наносяць справе шкоду. Дадае, што стаўленне да яго адміністрацыі быццам бы нармальнае, ніякага ціску няма.
РР: Ці можа Захад паспрыяць вызваленню Міхаіла Жамчужнага?
Андрэй Бандарэнка: Не толькі можа, але і павінен паспрыяць. Прадстаўнікі міжнароднай грамадскасці абавязаны гэта рабіць, калі яны падтрымліваюць прынцыпы дэмакратыі і свабоды ў Беларусі. А то ў нас атрымліваецца, што зараз з боку Еўропы цішыня, нягледзячы на тое, што ў краіне ёсць палітычныя зняволеныя. І гэта нікога быццам бы ужо і не хвалюе. Ўвогуле, рычагі ціску на беларускія ўлады ў Захада ёсць, але яны іх не выкарыстоўваюць.
РР: Што дае зняволенаму статус палітвязня?
Андрэй Бандарэнка: У такім выпадку да яго зусім іншае стаўленне. Хаця, безумоўна, на чалавека могуць і ўзмацніць ціск. Таму тут увага міжнароднай грамадскасці, палітыкаў вельмі важнае. І пра “справу Жамчужнага” трэба пастаянна нагадваць. Улады пільна сочаць, ці не забылася пра яго грамадскасць.
Кастусь Заблоцкі, Беларускае Радыё Рацыя