Беларуска спрабавала правезці з Украіны 300 кг сала



Грамадзянка Беларусі двойчы спрабавала ў абыход устаноўленага заканадаўства перамясціць з Украіны на тэрыторыю Еўразійскага эканамічнага саюза сала агульнай вагой каля 300 кг.

Як паведамляе Дзяржаўны мытны камітэт, першую спробу беларуска зрабіла, едучы з Украіны ў якасці пасажыркі аўтамабіля Renault праз пункт пропуску „Новая Гута”. Пры правядзенні кантролю супрацоўнікі Гомельскай мытні выявілі пад рэчамі на сядзеннях, у кардонных скрынках і ў дзіцячай калысцы больш за 170 кг салёнага сала.

Паводле дадзеных ДМК, 40-гадовая грамадзянка сваю віну прызнала цалкам, паведаміла пра свой намер пазбегнуць выплаты мытных плацяжоў. Рашэннем суда яна была прыцягнутая да адказнасці па ч. 2 арт. 14.1 Кодэкса аб адміністрацыйных правапарушэннях.

Аднак неўзабаве пасля суда жанчына зноў уязджала ў Беларусь па „зялёным” калідоры праз пункт пропуску „Новая Гута”. Гэтым разам яна была за рулём мікрааўтобуса Ford Transit. Гомельскія мытнікі разам з памежнікамі знайшлі пад абшыўкай даху аўтамабіля размешчаныя ў антысанітарных умовах па ўсім перыметры міжстолевай прасторы „пласты” салёнага сала масай каля 120 кг.

Матэрыялы справы ў дачыненні да грамадзянкі Беларусі, якая ўчыніла праз тыдзень пасля атрыманага спагнання паўторнае правапарушэнне, прадугледжанае ч. 2 арт. 14.1 КаАП, будуць накіраваны на разгляд у суд Цэнтральнага раёна Гомеля.

Паводле БелаПАН

Фота gomel.customs.gov.by