«Вольнае Глыбокае» вяртаецца ў падпісныя каталогі



У падпісныя каталогі праз 11 гадоў  вярнулася  газета «Вольнае Глыбокае».

Нават самі работнікі глыбоцкай пошты былі здзіўленыя гэтаму факту. На пытанне чытачоў наконт падпіскі на  газету адказалі, што такога не можа быць. Але потым зазірнулі ў каталог і спраўдзілі інфармацыю.

Не менш быў уражаны дазволам на падпіску і сам рэдактар газеты “Вольнае Глыбокае” Уладзімір Скрабатун.

– Я ніяк і не спадзяваўся нават. Дзіўна мне. Я думаў, што да скону мяне залічылі ў чорны спіс. Акурат так мне і сказалі, што я ў такім спісе. Не ведаю чаму. У нас вельмі шмат гістарычных тэмаў, краязнаўчых. Калі дзяржве не патрэбна гісторыя, тады я не ведаю, што гэта за дзяржава.

Але трэба зазначыць, што газета ў невялікай колькасці распаўсюджваецца праз кіёскі “Белсаюздруку” ўжо даўна.

Зараз рэдакцыя будзе працаваць над рэкламай падпіскі: паведамляць пра гэта ў сваёй газеце, рабіць рэкламныя плакаты ў кропках продажу, падключаць да гэтай справы сваіх распаўсюднікаў  ды аб’язджаць пошты ў прылеглых да Глыбокага гарадах.

Таццяна Смоткіна, Беларускае Радыё Рацыя, Глыбокае

Фота аўтаркі