Лукашэнка патрабуе аддачы ад хакея



На нарадзе па пытаннях развіцця хакея Аляксандр Лукашэнка запатрабаваў аддачы ад гэтага віду спорту. Паводле яго слоў, сітуацыя ў хакеі абмяркоўваецца на асобнай нарадзе не таму, што ў гэтай сферы ёсць вялікія дасягненні або, як прынята гаварыць у грамадстве, ён сам гуляе ў хакей. Прычына ў тым, што хакей, як і футбол, з’яўляецца найбольш масавым відам спорту.

„Імі не проста цікавяцца, але захапляюцца мільёны людзей, — цытуе Лукашэнку прэс-служба прэзідэнта. — У Беларусі гэта практычна ўсё насельніцтва. Гэта настроі людзей, галоўная ідэалогія любой краіны. Ідэалогія — гэта не лекцыі. На лекцыю можа прыйсці максімум 300—500 чалавек. Хакейны ж матч глядзяць мільёны. Вось у чым пытанне”.

„Калі мы ўжо прынялі рашэнне займацца гэтым відам спорту, развіваць яго (ён у нас вельмі папулярным стаў), ну дык давайце па-сапраўднаму займацца, — дадаў кіраўнік дзяржавы. — Але вынікі жахлівыя. Мы правалілі алімпійскі кваліфікацыйны турнір, саступіўшы зборнай Славеніі, якая зорак з неба не хапае. Другі год запар балансуем на мяжы вылету з наймацнейшай групы на чэмпіянаце свету”.

Паводле слоў Лукашэнкі, пэўныя паражэнчыя настроі прысутнічаюць і сярод саміх хакеістаў. „Інтэрв’ю давалі самі хакеісты перад апошнімі дзвюма гульнямі. І казалі пра адно: ніхто пра плэй-оф ужо не думае, дай бог бы ўтрымацца ў гэтым вышэйшым дывізіёне. Настроі такія ў хакеістаў — гэта асобная размова”, — сказаў ён.

Пакідае жадаць лепшага і гульня вядучага клуба — мінскага „Дынама”, заявіў Лукашэнка. „Прынамсі, не выканалі тое, што абяцалі. Ды і ў цэлым наш унутраны чэмпіянат так і не стаў фабрыкай падрыхтоўкі рэзерву, дзе растуць і гартуюцца хакейныя таленты. Скажу прама: унутранага чэмпіянату няма”, — сказаў кіраўнік дзяржавы.

Пры гэтым ён заўважыў, што грошы ў хакей укладваюцца немалыя — 18% ад усіх расходаў на фізкультуру і спорт з улікам сродкаў падтрымкі з усіх крыніц. „Пятая частка грошай ідзе на адзін від спорту, аддачы ніякай! — абурыўся Лукашэнка. — Замест гонару за колеры свайго сцяга пасля вашых гульняў заўзятары проста абураюцца. Яны ўжо мне пачалі пісаць лісты. І я з імі згодзен — абсалютна бязвольныя выступы, адсутнічае камандная гульня, не кажучы ўжо аб індывідуальным майстэрстве. Ды і трэнерская праца жахлівая”.

Як адзначыў кіраўнік дзяржавы, у хакей ужо ніхто не гуляе, а, хутчэй, выходзяць на бітву. „А мы выходзім пакатацца туды, нейкія стратэгіі будуем: вось чатыром наймацнейшым камандам на чэмпіянаце свету здадзім гульні, а ў тых выйграем. Гуляць трэба, перш за ўсё! І з канадцамі, і з расейцамі, і са шведамі. Гуляць трэба, змагацца. Нават калі вы прайграеце, але згуляеце ад душы, народ даруе. А калі вы выходзіце, прайграўшы гульню да яе пачатку, і ў вас ногі падкошваюцца, нават бегаць не можаце… Дык вы фізічна падрыхтуйце каманду!” — запатрабаваў ён.

20 траўня на справаздачна-выбарнай канферэнцыі Федэрацыі хакея Рэспублікі Беларусь кіраўніком федэрацыі быў абраны 55-гадовы старшыня Мінскага аблвыканкама Сямён Шапіра. Праз два дні прэзідэнт вызваліў яго ад пасады старшыні Мінаблвыканкама ў сувязі з пераходам на іншую працу. На пасадзе старшыні ФХРБ Сямён Шапіра змяніў Ігара Рачкоўскага, які кіраваў федэрацыяй з кастрычніка 2014 года.

22 траўня Лукашэнка даручыў кіраўніку Адміністрацыі прэзідэнта Наталлі Качанавай завяршыць „працэс перафарматавання ў сферы спорту” і падрыхтаваць да 30 траўня (дня правядзення алімпійскага сходу) „глыбокі і ўсебаковы аналіз працэсаў, якія адбываюцца ў спартыўнай галіне”.

belapan.by