Дзяніс Івашын: Каб паказаць абсурднасць беларускай судовай сістэмы
Дзяніс Івашын, журналіст і адзін з рэдактароў сайта InformNapalm, спрабуе дабіцца справядлівасці ў беларускіх судах і чарговы раз падае касацыйную скаргу на сваё затрыманне 25 сакавіка. Тады журналіст, пасля таго як суддзя двочы перарабляў пратакол затрымання, атрымаў 5 сутак адміністрацыйнага арышту.
Пра чарговыя касацыйныя скаргі распавядае Дзяніс Івашын:
– Я падаў касацыйную скаргу. Гэта ўжо будзе трэцяя інстанцыя. Непасрэдна на імя старшыні Менскага гарадскога суду. Будзем чакаць рашэння. Зразумела, што ніякіх ілюзіяў наконт задавальнення маёй скаргі я не маю. Пэўна, што ўсё застанецца ў сіле. І буду падаваць ужо ў Вярхоўны суд. Апроч гэтага паралельна зараз буду займацца падрыхтоўкай дакументаў падачы ў Камітэт па правах чалавека ААН. Таксама разглядаю мажлівасць падаць непасрэдна і ў Еўрапейскі камітэт па правах чалавека, хаця Беларусь яму не падпарадкоўваецца.
Па словах журналіста, ён будзе праходзіць усе інстанцыі для таго, каб паказаць абсурднасць беларускай судовай сістэмы, а таксама для таго, каб скласці спіс усіх суддзяў, якія незаконна садзяць за краты і прысуджаюць вялізныя штрафы.
Беларускае Радыё Рацыя