Аляксандр Ярашук: Рады, што афіцыйныя прафсаюзы знайшлі сабе занятак



Старшыня Беларускага кангрэса дэмакратычных прафсаюзаў Аляксандр Ярашук ацаніў новую ініцыятыву афіцыйных прафсаюзаў.

Афіцыйныя прафсаюзы маюць намер заняцца маніторынгам цэн у крамах. У першую чаргу кантроль будзе ажыццяўляцца за цэнамі на сацыяльна значныя тавары. Паведамляецца, што дадзеныя маніторынгу „прафсаюзныя кантралёры” штомесяц будуць перадаваць ва ўрад для прыняцця адпаведных мер да тых, хто, зыходзячы з уласных інтарэсаў, незаконна ўзвінчвае цэны.

Аляксандр Ярашук: Я магу толькі парадавацца, што Федэрацыя прафсаюзаў знайшла сабе занятак. Заўсёды прыемна займацца тым, за што не адказваеш. І наогул я не разумею, пры чым тут прафсаюзы? У краіне столькі кантралюючых органаў (у тым ліку, за цэнамі), што нічога арыгінальна тут ніхто не знойдзе. Таму, на мой погляд, гэта – чыстай вады папулізм. Мы ведаем, што ніякага сэнсу ў гэтым кантролі няма. Прынамсі, у суседняй Польшчы ніякіх цэны ніхто не кантралюе, прафсаюзы таксама гэтым не заклапочаны, і, тым не менш, там цэны на сацыяльна значныя тавары значна ніжэйшыя, чым у Беларусі. І заробкі ў суседзяў у разы вышэйшыя, хаця таксама няма ніякіх жорсткіх загадаў падвысіць тыя самыя заробкі.

РР: Адным словам, афіцыйныя прафсаюзы вырашылі паказаць крэатыў?

Аляксандр Ярашук: Федэрацыя прафсаюзаў – гэта структура, якая знаходзіцца ў сістеме ўлады і жорстка ёй падпарадкавана. Лепш бы яны займаліся сваімі непасрэднымі функцыямі, а не кантролем за цэнамі. Няхай бы патлумачылі людзям на працоўных месцах, да чаго давялі краіну і што адбываецца эканомікай. Ва ўсіх краінах прафсаюзы дасягаюць шмат поспехаў у барацьбе за правы працоўных, а ў нас яны будуць цэны кантраляваць. Хаця ўсе мы цудоўна ведаем, што эфекту з таго кантролю будзе на выхадзе – поўны нуль.

Кастусь Заблоцкі, Беларускае Радыё Рацыя