Восеньскі кірмаш у Глыбокім
Cа зніжкай можна было набыць як сельскагаспадарчую прадукцыю, так і прадукцыю асноўных прадпрыемстваў горада на восеньскім кірмашы ў Глыбокім. Не засталіся ў баку і рамеснікі, якія шырока прадставілі свой тавар: ад прыгожых вязаных шаляў, дэкаратыўных вазаў з паперы да каваных карэтаў. Кажуць жыхары Глыбокага:
– Каб даць магчымасць людзям купіць у запас тое, што ўрадзіла на нашых агародах. Вось і мы выйшлі паглядзець, мо што і прыдбаем.
– Прыйшлі закупіцца сельскагаспадарчымі прадуктамі. Тут усё танна і ўсяго так шмат. Добры выбар.
– Я тут, каб прадаць. І мне добра, і людзям выгадна. Пасля, магчыма, малінку схаджу і куплю сабе.
– Бульбы на зіму не хопіць, не разлічылі трохі. Таму даводзіцца купляць. 90 тысяч – мяшок. Дык гэта яшчэ нічога. Прыватнікі прадаюць па 3,5 тысячы за кілаграм.
– Нічога не набыла, а проста прыйшла паглядзець. Бо ўвесь час дома сяджу, старая ўжо. Вось і выйшла паглядзець на моладзь. Прыгожая моладзь, добра выступае. Крамаў, шапікаў вельмі шмат – купляй, што хочаш, абы грошы былі.
У час кірмашу праходзяць спаборніцтвы паміж сялянскімі падворкамі і панадворкамі з прадукцыяй прадпрыемстваў горада. Сёлета за эстэтычны вягляд, мастацкае афармленне і шырокі асартымент прадукцыі перамагло Глыбоцкае спажывецкае таварыства.
[Not a valid template]
Таццяна Смоткіна, Беларускае Радыё Рацыя, Глыбокае
Фота аўтаркі