БНК прыняў заяву і зварот да грамадскасці



У Менску 26 траўня адбылося пасяджэнне Беларускага Нацыянальнага Камітэта.

Камітэт прыняў заяву “Аб выніках чарговага этапа кампаніі „Ўладу – народу!” і задачах наступнага”, а таксама “Зварот да грамадскасці і ўрадаў дэмакратычных краінаў Захаду”.

ЗАЯВА

Рады БНК

Аб выніках чарговага этапа кампаніі „Ўладу – народу!” і задачах наступнага

Рада лічыць паспяховым чарговы этап кампаніі „Ўладу – народу!”, які праходзіў найперш з сацыяльнымі патрабаваннямі. Ён быў годна пачаты намі 17 лютага ў цэнтры сталіцы. І, не зважаючы на рэпрэсіі, гэтак жа годна завершаны 1 мая таксама ў цэнтры Менска. Паміж гэтымі датамі былі масавыя пратэсты на цэнтральных плошчах усіх значных гарадоў краіны, арышты, штрафы, разгоны, „справа патрыётаў”, істэрыкі і саступкі напалоханай улады. Але галоўны вынік двух с паловай месяцаў пратэстаў – абуджэнне да публічнай грамадзянскай актыўнасці раней пасіўных слаёў насельніцтва.

 Большасць сябраў Рады зведала пераслед. Сярод нас ёсць такія, хто ледзь не палову гэтага этапу пратэстаў правёў пад адміністрацыйнымі арыштамі. Нашага прадстаўніка ў Менску Сяргея Кунцэвіча катавалі ў турме КГБ электратокам і дагэтуль трымаюць у зняволенні. Але мы лічым, што альтэрнатывы мірнаму пратэсту і прымушэнню ўлады да дыялогу з народам у нас няма. Таму кампанія „Ўладу – народу!” будзе працягнута да дасягнення яе мэтаў.

Сваімі паводзінамі рэжым паказаў, што Беларусь знаходзіцца пад унутранай акупацыяй. Самае небяспечнае, што ўнутраная акупацыя ў любы момант можа стаць знешняй. Як даказвае сфабрыкаваная „справа патрыётаў”, марыянеткавы рэжым ніколі не ўзброіць народ для супрацьстаяння знешняй агрэсіі. Бо ён палохаецца народа болей, чым страты нават фармальных прыкмет незалежнасці. Таму восеньскія вайсковыя вучэнні на нашай зямлі могуць стаць пачаткам безперашкоднай знешняй акупацыі Беларусі.

Рада вырашыла, што на наступным этапе кампаніі „Ўладу – народу!” мы будзем, акрамя сацыяльных, эканамічных патрабаванняў, патрабаваць адмены восеньскіх вучэнняў і вызвалення зняволеных па „справе патрыётаў”. Мы не хочам рызыкаваць незалежнасцю нашай краіны, не хочам быць уцягнутымі ў чужыя канфлікты. Не хочам любых чужых войскаў на сваёй зямлі. Мы патрабуем выканання артыкула 18 Канстытуцыі, які ставіць мэтай зрабіць нашу дзяржаву нейтральнай. Мы хочам вызваліць Беларусь з-пад унутранай акупацыі незаконным рэжымам і не дапусціць яе знешняй акупацыі.

Наступная акцыя кампаніі „Ўладу – народу!” пачнецца ў Дзень вызвалення 3 ліпеня ў 14.00 на Кастрычніцкай плошчы Менска. 

Уладу – народу!

Жыве Беларусь!   

   г. Менск                  26 мая 2017 г.

 

 ЗВАРОТ

Рады БНК да грамадскасці і ўрадаў дэмакратычных краінаў Захаду

У мінулым годзе дэмакратычныя краіны Захаду адмянілі персанальныя абмежаванні на ўезд на сваю тэрыторыю для кіраўнікоў і функцыянераў беларускага рэжыму, вінаватых у злачынствах супраць правоў чалавека. Але спадзяванні аўтараў новай заходняй палітыкі на „лібералізацыю” рэжыма былі разбураны яго жорсткім і бесчалавечным стаўленнем да ўдзельнікаў выключна мірных акцый пратэста 2017 года.

 Больш тысячы людзей былі незаконна затрыманыя. Зноў з’явіліся дзясяткі палітзняволеных. Ёсць факты таемнага затрымання і зняволення. Практыкай сталі катаванні. Напрыклад, прадстаўніка БНК у Менску Сяргея Кунцэвіча пасля затрымання катавалі электрашокерам, патрабуючы выдаць месцазнаходжанне Мікалая Статкевіча перад плануемай мірнай  дэманстрацыяй 25 сакавіка. Ёсць інфармацыя аб катаваннях іншых затрыманых па „справе патрыётаў”.

Мы разумеем жаданне заходніх палітыкаў спрабаваць весці дыялог з беларускім рэжымам. Але дыялог не можа адбывацца на фоне эскалацыі рэпрэсій супраць незалежнага грамацтва.

Рада Беларускага Нацыянальнага Кангрэса заклікае ўрады дэмакратычных краін увесці  фактычныя абмежаванні на ўезд на сваю тэрыторыю для асоб, якія вінаватыя ў палітычных рэпрэсіях. Беларускія праваабаронцы могуць прадставіць адпаведных асобаў.

 Улічваючы маральныя пакуты, якія церпяць блізкія арыштаваных, збітых, аштрафаваных ці зволеных з працы па палітычным матывам, мы лічым маральным, калі б абмежаванні на ўезд распаўсюджваліся таксама на блізкіх тых асоб, хто вінаваты ў рэпрэсіях.

Мы нагадваем, што беларускі рэжым сістэматычна скарыстоўвае негалосную забарону на ўезд для няўгодных яму замежных палітыкаў, журналістаў і праваабаронцаў.

Мы заклікаем грамадскасць дэмакратычных краін да салідарнасці з пацяпрпелымі ад палітычных рэпрэсій у Беларусі, з нашай барацьбой за свабоду і дэмакратыю. Жыве Беларусь!

   г. Менск                        26 мая 2017 г.

Беларускае Радыё Рацыя, Менск