МУС: Выкрытая яшчэ адна карупцыйная схема ў сферы АПК



За хабар затрыманыя дзесяць кіраўнікоў дзяржаўных прадпрыемстваў АПК, яшчэ пяць асоб прыцягнутыя ў якасці падазроных. Агульная сума хабару можа складаць больш за 1 млн даляраў, паведаміла прэс-служба МУС.

Аператыўныя супрацоўнікі галоўнага ўпраўлення па барацьбе з эканамічнымі злачынствамі крымінальнай міліцыі МУС сумесна з УБЭЗ ГУУС Менгарвыканкама выявілі злачынную схему дзейнасці службовых асоб аднаго з найбуйнейшых камерцыйных вытворцаў і пастаўшчыкоў ветэрынарных прэпаратаў і кармавых дабавак у Беларусі — кампаніі-кіраўніка холдынга „АФМ” і суб’ектаў гаспадарання, якія ўваходзяць у яго. Схема была звязаная з ажыццяўленнем паставак прадукцыі для патрэб дзяржаўных сельскагаспадарчых прадпрыемстваў.

Як паведамляе прэс-служба МУС, у выніку аператыўна-вышуковых мерапрыемстваў аператыўнікі ГУБЭЗ усталявалі сістэмныя факты атрымання незаконнага грашовага ўзнагароджання кіраўнікамі шэрагу дзяржаўных або з доляй уласнасці дзяржавы прадпрыемстваў за лабіраванне інтарэсаў названай камерцыйнай структуры пры заключэнні здзелак на пастаўку прадукцыі і вырашэнні пытанняў вяртання запазычанасці.

Згодна з пададзенымі ў Следчы камітэт Беларусі матэрыяламі ГУБЭЗ МУС, перадача незаконнага грашовага ўзнагароджання ажыццяўлялася кіраўніцтвам камерцыйнай арганізацыі альбо паводле яго ўказанняў падначаленымі работнікамі.

Пры чарговай перадачы грошай затрыманы з доказамі злачынства менеджар гэтай камерцыйнай структуры, які ў змове з кіраўнікамі перадаў першаму намесніку старшыні праўлення Белкаапсаюза незаконнае грашовае ўзнагароджанне за забеспячэнне своечасовай аплаты прадукцыі, якая пастаўляецца суб’ектам гаспадарання, падначаленым Белкаапсаюзу.

Следчым камітэтам распачатыя і расследуюцца 15 крымінальных спраў, злучаных у адну вытворчасць: за даванне хабару (арт. 431 КК) у дачыненні да службовых асоб гэтай камерцыйнай структуры; за атрыманне хабару (арт. 430 КК) у дачыненні да службовых асоб шэрагу дзяржаўных прадпрыемстваў аграпрамысловага комплексу: КУП „Гроднамясамалпрам”, ААТ „Слонімскі мясакамбінат”, ААТ „Жодзіна Аграплемэліта”, ААТ „Вілейскі камбікормавы завод”, КУП „Мінская агароднінная фабрыка”, ААТ „Смалявіцкі райаграсэрвіс”, Барысаўскага камбіната хлебапрадуктаў.

Дзесяці асобам выстаўленае абвінавачанне і ў дачыненні да іх прымененая мера стрымання ў выглядзе заключэння пад варту, яшчэ пяць асоб прыцягнутыя ў якасці падазроных.

Паводле інфармацыі МУС, некаторыя раскаяліся ў зробленым і прызналі сваю віну.

Толькі за красавік гэтага года зафіксаваная сума хабару на ўсіх удзельнікаў злачыннай групы склала не менш як 6,5 тысячы даляраў ЗША, канчатковая сума хабару будзе ўстаноўленая падчас следства. Паводле аператыўнай інфармацыі супрацоўнікаў службы БЭЗ, сума хабару складала 5—8% ад тавараабароту з прадпрыемствамі аграпрамысловага комплексу, хабар фармавалі атрыманнем наяўных грашовых сродкаў кампаніі шляхам вываду на падкантрольныя суб’екты гаспадарання на тэрыторыі замежных дзяржаў, і таму ён можа складаць увогуле больш за 1 млн даляраў ЗША за апошнія два гады.

Такім чынам, гаворыцца ў паведамленні МУС, „спыненая яшчэ адна стратная для дзяржавы схема пастаўкі тавараў з выкарыстаннем імпартнага складніку на адрас прадпрыемстваў АПК устоянымі гульцамі па завышанай цане ў 3-5 разоў без правядзення канкурэнтных працэдур закупак, што задавальняе асобных кіраўнікоў у дзяржаўных органах і прадпрыемстваў з прычыны карупцыйнага пагаднення. Пры гэтым канчатковы прадукт АПК зніжае канкурэнтаздольнасць на экспартных рынках па цэнавым фактары, а дзяржаўная падтрымка вымушана расце”.

belapan.by