Амерыканец Лары Каброўскі наведаў радзіму сваіх продкаў
Сустрэча гарадзенцаў з амерыканцам Лары Каброўскім (Larry Kobrovsky) – амерыканскім праўнікам прайшла ў Цэнтры гарадскога жыцця. Ён усё сваё жыццё марыў прыехаць на радзіму сваіх продкаў, якія ў пачатку 20-га стагоддзя пакінулі Гарадзеншчыну і апынуліся ў Новым Сьвеце.
Кажа Лары Каброўскі:
– Мой дзядуля Язэп Каброўскі выехаў у Амерыку, калі быў яшчэ малы. Я быў вельмі блізкі з ім і ён мне шмат расказваў пра жыццё ў Беларусі. Ён расказаў, як перад самым ад’ездам паехалі з Азёраў на фурманцы да Скідзеля, каб развітацца са сваімі сваякамі. А я і марыць не мог, што змагу ўбачыць гэтыя мясціны і прыеду сюды разам са сваёй сям’ёй. І што сустрэну такіх людзей.
Яго сваякі паходзілі са Скідзеля, які ў той час быў пераважна габрэйскім мястэчкам. Цяпер там не засталося нікога, хто бы ўзгадаў пра сям’ю Каброўскіх.
Кажа аўтар кнігі пра Скідзель гісторык Сяргей Токць:
– Сапраўды атрымалася так, што ў Скідзелі практычна не засталося габрэяў. Пасля вайны засталося толькі некалькі чалавек, якія былі адзінокія, сем’і іх з’ехалі. І па-сутнасці сёння жыхары Скідзеля амаль нічога не ведаюць пра габрэяў. Толькі дзякуючы кніжцы маладое пакаленне зможа даведацца, што ў гісторыі была такая старонка, была такая этнічная група, нашыя землякі, якія тварылі разам з нашымі продкамі-беларусамі гісторыю Скідзеля і іншых мястэчак і гарадоў нашай Беларусі.
Дарэчы, дзякуючы манаграфіі Сяргея Токця пра Скідзель, Лары Каброўскі адведаў мясціны, якія былі зьвязаны з продкамі: вёску Кобраўцы, Астрыну, Новы Двор, Скідзель, Марцінканцы, якія цяпер за межамі Беларусі, а таксама Гародню. Лары ў ЗША з’яўляецца старшынём мясцовай філіі Рэспубліканскай партыі ў Чарлстане ( Паўднёвая Караліна). У Беларусь прыехаў разам са сваёй дачкой Абі Бэйлз і кузінай Джудзі.
[Not a valid template]
Якуб Сушчынскі, Беларускае Радыё Рацыя, Гародня
Фота аўтара