Берасцейскае „Дынама” выйграла футбольны кубак Беларусі



28 траўня ў Гародні пры аншлагу прайшоў фінал футбольнага Кубку краіны. У ім змагаліся берасцейскае „Дынама” і салігорскі „Шахцёр”.

Першы тайм прайшоў пры тэрытарыяльнай перавазе берасцейскай каманды, аднак на браме салігорцаў беспамылкова дзеіў галкіпер Уладзімір Бушма. „Шахцёры” вельмі доўга „сядзелі ў акопах” і чакалі свайго шанца. Дачакаліся яны яго ўжо ў другой палове гульні. Выйшаўшы на замену Віталь Лісаковіч значна ажывіў дзеянні салігорцаў у атацы. Менавіта ён і забіў на 69-й хвіліне – пасля навесу харвата Дражэна Багарыча форвард ударыў галавой у зямлю – і французскі галкіпер дынамаўцаў Жэрэмі Малерб не даў рады мячу. Пасля гэтага Лісаковіч мог вызначыцца яшчэ двойчы, але шчасце ад яго ўжо адвярнулася. 

Параўнялі лік берасцейцы на 82-й хвіліне. Паветраную камбінацыю з удзелам Андрэя Лебедзева эфектна завяршыў галавой Аляксей Лягчылін, для якога гарадзенскі газон добра знаёмы яшчэ з часу выступаў за „Нёман”. дынамаўцы былі актыўнейшымі ў канцоўцы матча, але сустрэча дайшла да дадатковага часу.

Дадатковы час прайшоў з пераменным поспехам, дакладней яго адсутнасцю. На апошніх секундах берасцейцы атрымалі права на небяспечны штрафны, аднак ім няўдала распарадзіўся штатны выканаўца такіх сітуацый Дзмітрый Алісейка. Так змаганне дайшло да серыі пасляматчавых пенальці. У ёй быў усталяваны нацыянальны рэкорд – каманды выканалі ажно па 10 пенальці. Берасцейцы дакладна прабілі ўсе – Алісейка, Торрэс, Сядзько, Афааква, Фаміе, Лягчылін, Лебядзеў, Вітус, Аўрамія, Мазалеўскі. У салігорцаў забілі Рыбак, Аляхновіч, Лісаковіч, Януш, Црэпуля, Бурко, Мацвейчык, Кавалёў, Алексіевіч, а вось апошні гулец – Янушкевіч схібіў, саступіўшы двубой брамніку Малербу.

Такім чынам берасцейскае „Дынама” заваявала другі кубак Беларусі ў сваёй гісторыі. На гэты раз да поспеху клуб прывёў Уладзімір Журавель – гэта яго першы такі трафей. Берасцейцы будуць прадстаўляць Беларусь у Лізе Еўропы.

Фінальная сустрэча парадавала таксама антуражам. Заўзятары абодвух клубаў, якіх прыехала ў Гародню тысячы, вывесілі беларускамоўныя банеры.

Беларускае Радыё Рацыя