Зянон Пазьняк: Трэба рыхтавацца да супраціву
Пра гэта кіраўнік КХП-БНФ Зянон Пазьняк заявіў у інтэрв’ю сайту InformNapalm.
– Пане Зяноне, напачатку хацелі бы адразу запытаць вас пра апошнюю самую гучную сфабрыкаваную справу супраць беларускіх патрыётаў. На ваш погляд, ці гэтая так званая справа “Белага Легіёна” можа мець дачыненне да спробы знішчэньня беларускіх патрыятычных сілаў перад стратэгічнымі расейска-беларускімі вышкаламі “Захад-2017”, у выніку якіх можа адбыцца мягкая акупацыя Беларусі, ці яна ініцыяваная дзеля ўнутранага выкарыстання для здушэння пратэстнаей хвалі, застрашэння і запалохання людзей?
– Гэта тыпова маскоўская аперацыя ў рэчышчы вядзення гібрыднай вайны. Аналагічна як у выпадку з украінскім Крымам. Ніякага “Белага Легіёна” ўжо даўно няма. Масква разумее, што ў выпадку расейскай акупацыі Беларусі гэтыя людзі, што некалі былі ў “Белым Легіёне”, маглі аказаць супраціў акупантам. Маскоўшчыну ж непакоіць адно – ці магчымы супраціў у Беларусі. У выпадку з Украінай, яны былі перакананыя, што ўкраінскае грамадства бяссільнае, што яно няздольнае абараніць сваю краіну, украінская армія была развалена (гэтак жа, як цяпер развалілі беларускую), таму і пайшлі на анексію Крыма і захоп Данбаса. Расейцы не разлічвалі, што ўкраінцы згуртуюцца й пачнуць бараніць свой край. Зараз яны гэта ўлічваюць у дачыненні да Беларусі, таму і маем гэтую сфабрыкаваную справу патрыётаў. Тут маскоўская “зачыстка” беларускага поля магчымага супраціву.
Важна разумець яшчэ адзін момант. Гэтая гэбэшная апрычніна катуе патрыётаў, выбівае неіснуючыя паказанні. Тут трэба ведаць, што мы, беларусы, іх падтрымліваем, што б ім ні прышылі каты, і што б яны ні вымушаныя былі сказаць пад катаваннямі. Грош цана будзе такім паказанням і самаагаворам. Няхай гэб’ё тое ведае, а патрыёты хай не баяцца – нічога дрэннага да іх не прыстане. Паказанні пад катаваннямі значэння не маюць. Так званая «справа» “Белага Легіёна” сшытая белымі ніткамі.
– Стратэгічныя камандна-штабныя вышкалы “Захад-2017” з’яўляюцца для нацыянальнай бяспекі Беларусі наўпроставай пагрозай. Як вы лічыце, наколькі вялікая верагоднасць рэалізацыі магчымых правакацыяй падчас іхнага правядзення з мэтай сталага размяшчэння расейскага вайсковага кантынгенту на тэрыторыі Беларусі?
– Тое, што адбываецца зараз – рашучы крок, калі будзе ўведзена расейскае войска і выкарыстана наша стратэгічная тэрыторыя, інфраструктура. Здраднік ужо гатовы ўсё здаць, абы захаваць сваю ўладу. Падобны метад Масква выкарыстала ў 1939-1940 гг. у краінах Балтыі, калі на іхную тэрыторыю паводле дамоўленасці зайшоў савецкі вайсковы кантынгент, які застаўся і з дапамогаю якога адбылася анексія гэтых краінаў.
Што да правакацый, то гэта метад дзейнасці пуцінскага ФСБ. Мы памятаем падрывы дамоў у Маскве, Валгадонску ў 1999 годзе, тэракт у метро Пецярбургу ў красавіку 2017 года. Іншага метада яны не ведаюць. Верагоднасць таго, што ўвосень праз пэўныя правакацыі вайсковы кантынгент застанецца на тэрыторыі Беларусі з’яўляецца высокай.
– Ацаніце, калі ласка, узровень пагрозы для нацыянальнай бяспекі Беларусі, якая сыходзіць ад актывізацыі Расеяй сваёй неаімперскай палітыкі з 2007 года.
– Сучасная Расея, пачынаюцы ад Ельцына, увесь час вядзе гібрыдную вайну. Гэта вайна і эканамічная, і анталагічная, яна ўжо ўзгадваецца ў таемнай дактрыне Ельцына аб замежнай палітыцы Расеі, прынятай у жніўні 1995 года (і, дарэчы надрукаванай украінскім Рухам, які раздабыў тады яе тэкст і пераслаў яго нам у БНФ). У дактрыне Ельцына гаворыцца пра метады ўплыву Расеі на вольныя суседнія краіны – свае былыя тэрыторыі.
Дзеянні расейскіх спецслужбаў актывізаваліся ва Украіне адразу пасля прыходу Пуціна да ўлады. З 2000 года расейцы стваралі там свае рэзідэнтуры, абсаджвалі ўкраінскія ўладныя ўстановы сваімі людзьмі. Стваралі сепаратысцкія, казачыя фармаванні, бо ім патрэбныя былі структуры, якія можна выкарыстоўваць як прыкрыццё для расейскіх спецслужбаў і потым для пранікнення дыверсантаў на ўкраінскую тэрыторыю. Ва Украіне расейскія спецслужбы гэтаксама падкуплялі палітыкаў, ставілі сваіх прамаскоўскіх людзей на адказныя пасады, аднак яны не спадзяваліся, што ўкраінцы згуртуюцца і дадуць адпор.
Гібрыдная вайна ў дачыненні Беларусі вядзецца таксама ўжо даўно. Перадусім на адукацыйным і кадравым узроўні, практычна, знішчана беларуская школа, практычна, забаронена ў грамадскім ужытку беларуская мова, даўно знішчаныя беларускія падручнікі, рэжым робіць усё, каб у людзей не было волі да супраціву, каб яны былі не здольныя думаць па дзяржаўнаму. Адбываецца тое самае, што было і ва Украіне: яны абстаўляюць тут свае кадры, сваіх афіцэраў у войску і сілавых структурах. Апроч гэтага беларуская эканоміка затарможаная ва ўчорашнім дні. Расея наўпрост не дае ёй развівацца і робіць усё, каб Беларусь і надалей была прывязаная да расейскага рынку і рэсурсаў. Генштаб Узброеных сіл Беларусі прарасейскі, на ключавых пасадах знаходзяцца людзі, звязаныя з Расеяй. Усё гэта – падрыхтоўка для захопу Беларусі.
Тут таксама важна разумець, што, калі Лукашэнка зробіць ўсё, што ад яго патрабуе Расея (а ён зробіць), ён будзе ўжо ёй непатрэбны, і ён гэта інтуітыўна адчувае. Гэтым можна патлумачыць і непрызнанне Абхазіі, і сталыя нафта-газавыя войны. Але тут трэба адзначыць, што Лукашэнка і Пуцін – гэта два падобныя крымінальныя супольнікі, якія прыватызавалі дзяржавы дзеля ўлады і нажывы. Дзяржаўныя інтарэсы тут таксама крымінальна прыватызаваныя.
– Як вы лічыце, ці магчымы варыянт паўнамаштабнай вайсковай агрэсіі Расеі супраць Украіны?
– З Украінай Расея пралічылася, яна не ведае цяпер, што рабіць. Расея стварыла язву на Данбасе, але чым далей яна зацягвае свае тэрарыстычныя дзеянні, тым больш верагоднасці, што Украіна назаўжды вырвецца з-пад ейнага кантролю. Увесь час гаворыцца пра пуцінскую падрыхтоўку ваеннага ўдару па Украіне. Рашэнне, напэўна ўжо прынятае. Патрэбны момант. Зараз Масква канцэнтруе войскі, вялікі кантынгент стаіць у Крыме, на Данбасе, ля расейска-ўкраінскай мяжы, Украіна аточаная практычна з усіх бакоў. Пуцін хоча змарыць Украіну, бо яна зараз выдаткоўвае вялікія сродкі на ўтрыманне войска.
– Калі рашэнне пра поўнамаштабную агрэсію прынятае, то наколькі тады магчымы варыянт выкарыстання вайсковага патэнцыялу Беларусі расейскай ваеншчынай?
– У Расеі пакуль няма неабходных чалавечых рэсурсаў для вялікай вайны. Адна з магчымых задачаў у гэтай сітуацыі для Расеі – выкарыстаць Беларусь, найперш яе тэрыторыю і, вельмі важна – войска, запляміць беларусаў у крыві. Зараз галоўнае – не дапусціць уцягнення Беларусі ў расейскія вайсковыя авантуры.
– Так. Але, бадай, адзіным шляхам для гэтага ёсць пазбаўленне ад антыбеларускага рэжыму і ўсталяванне ў Беларусі нацыянальнай дэмакратычнай улады. Вы кіравалі калектывам аўтараў самай актуальнай на гэты момант Народнай Праграмы “Вольная Беларусь”, у якой пералічаныя ўсе чыннікі для адраджэння незалежнага і дэмакратычнага ладу дзяржавы, аднак, на мой погляд, у ёй няшмат ўвагі нададзенае менавіта інфармацыйнай бяспецы Беларусі. Якія маюць быць здзейсненыя захады ў гэтым рэчышцы ў першую чаргу пасля аднаўлення канстытуцыйнага ладу ў дзяржаве?
– Аб’ектыўна – хуткія. Мае быць абрэзаная прапагандысцкая тэлевізія Расеі. Нацыянальны надзвычайны Камітэт акурат павінен будзе тое зрабіць. Гэта абавязковае і неабходнае рашэнне. Не павінна быць манаполіі на сродкі масавае інфармацыі. Таксама мае быць якасная і вельмі разнастайная кніжная прадукцыя на беларускай мове.
Інтэрнэт, відаць, застанецца без зменаў. Але і тут можа быць праўная рэгуляцыя. Дэвід Кэмэран, колішні прэм’ер-міністар Вялікай Брытаніі, досыць трапна выказаў свае меркаванне пра інтэрнэт-троляў, у якім зазначыў, што тут неабходна заканадаўчае рэгуляванне. Здаецца ў Вялікай Брытаніі ўжо прыняты неабходны закон. Інтэрнэт-тролі – гэта абязлічаная бесаўшчына (сведамае распаўсюджванне брыдоты). Людзі павінны быць больш абароненыя ад бесаўскай дзейнасці ў ананімным Сеціве.
– Безумоўна так. Аднак усе гэтыя захады й палажэнні Праграмы можна будзе задзейнічаць толькі ў выпадку трансфармацыі Беларусі. Як вы мяркуеце, ці магчымы ейны мірны варыянт?
– Трэба ісці ад прыроды нашага чалавека, у нас зусім іншая зброя. Беларусы – гэта такі народ, такое грамадства, якое хоча вырашаць канфлікты мірным шляхам, яно не хоча вайны, гэта адпавядае ментальнасці беларусаў. Але пры такім падыходзе, на жаль, рабства можа трываць стагоддзямі. Улічваючы логіку дыктатуры рэжым Лукашэнкі можа быць пераможаны толькі сілаю, але неабходнай умоваю пры гэтым ёсць кансалідацыя бальшыні грамадства. Мае адбывацца нізавая самаарганізацыя, важна, каб утвараліся структуры альтэрнатывы і супраціўлення.
Неабходнай умоваю зменаў ёсць нацыянальная асвета людзей, прапанова ім дзейнай альтэрнатывы. Нацыянальная ідэя “Вольная Беларусь” можа аб’яднаць Нацыю, спрычыніцца да адраджэння дэмакратычнага працэсу, стаць апораю для ўсяго беларускага грамадства.
Трэба рыхтавацца да супраціву агрэсіі. Супраціў абавязкова павінен быць. Трэба заўсёды дбаць пра будучыню Нацыі.