Купляць валюту ў Беларусі можна будзе без пашпарта



Патрабаванне рэгістрацыі банкамі пашпартных дадзеных фізічных асоб, якія набываюць замежную валюту, адмяняецца. Адпаведны ўказ Аляксандр Лукашэнка падпісаў 29 траўня.

„Нацыянальнаму банку даручана ў трохмесячны тэрмін забяспечыць прывядзенне актаў заканадаўства ў адпаведнасць з гэтым дакументам і прыняць іншыя меры па яго рэалізацыі”, — паведамляе прэс-служба прэзідэнта.

Указ распрацаваны „ў мэтах лібералізацыі валютнага рэжыму і спрашчэння парадку правядзення валютна-абменных аперацый” і набывае моц пасля афіцыйнага апублікавання.

Рэгістрацыя пашпартных дадзеных пры куплі валюты была ўведзена 9 лістапада 2011 года на падставе ўказа прэзідэнта № 449 „Аб некаторых пытаннях ажыццяўлення валютна-абменных аперацый фізічнымі асобамі” ад 6 кастрычніка таго ж года.

„Гэты ўказ прыняты ў рамках распрацаванага ўрадам і Нацыянальным банкам Беларусі комплексу мер па выхадзе на адзіны раўнаважны курс беларускага рубля, — гаварылася ў паведамленні прэзідэнцкай прэс-службы. — Рэгістрацыя пашпартных дадзеных фізічных асоб дазволіць сфарміраваць міжбанкаўскую цэнтралізаваную электронную базу дадзеных па ўліку замежнай валюты, прададзенай фізічным асобам, з дапамогай аўтаматызаванай інфармацыйнай сістэмы адзінай разліковай і інфармацыйнай прасторы”.

2011 год быў адным з самых цяжкіх для беларускага рубля: курс наяўнага даляра ЗША вырас у 2,76 разу.

belapan.by