У Польшчы будуць збіраць інфармацыю пра непалякаў?
Паводле дэпутата польскага Сейма Роберта Тышкевіча, ваяводы будуць збіраць інфармацыю пра прадстаўнікоў нацыянальных меншасцяў і замежнікаў.
Паводле Gazeta Wyborcza, заходнепаморскі ваявода ўжо накіраваў такі запыт да прэзідэнтаў, бурмістраў і войтаў гмін.
Сябра „Форума падляшскіх меншасцяў” Адам Мусюк не разумее навошта гэта ўладам і якія дадзеныя будзе збіраць ваявода:
– Гэта неверагодна, што ў 21 стагоддзі, калі ўсім польскім грамадзянам Канстытуцыяй гарантаваныя роўныя правы, будуць весціся такія спісы. Як гэта будзе рабіцца? Да людзей будуць прыходзіць дахаты? Будуць распытваць суседзяў? Ці нейкім іншым чынам? Дакладна гэта не прывядзе да таго, каб мы супольна маглі будаваць Падляшша і самасвядомасць.
Паводле слоў прэс-сакратара Падляшскага ваяводы Анны Ідзькоўскай, запыты адносна перапісу нацыянальнай меншасці ў ваяводскую ўправу не накіроўваліся.
Апошні агульнапольскі перапіс насельніцтва прайшоў у 2011 годзе. Сярод пытанняў былі таксама датычныя нацыянальнасці. Чарговы перапіс адбудзецца ў 2021 годзе.
Лукаш Леанюк, Беларускае Радыё Рацыя