Вітаўту Кіпелю – 90 гадоў!
30 траўня спаўняецца 90 гадоў аднаму з найстарэйшых дзеячаў беларускай эміграцыі Вітаўту Кіпелю.
Вітаўт Кіпель нарадзіўся 30 траўня 1927 года ў Менску ў сям’і грамадскага дзеяча і навукоўца Яўхіма Кіпеля і Марыі Кіпель. З 1930 года разам з бацькамі знаходзіўся ў высылцы ў Расеі. З 1944 года ўэміграцыі. Вучыўся ў Беларускай гімназіі імя Янкі Купалы, Цюбінгенскім універсітэце. У 1955 годзе атрымаў ступень доктара геалагічных навук Лювенскага ўніверсітэта (Бельгія). Выпускнік Ратгерскага ўніверсітэта па спецыяльнасці бібліятэказнаўства.
Пазней пераехаў у ЗША. Працаваў у Нью-Ёркскай публічнай бібліятэцы, сабраў калекцыю беларускіх выданняў. Актыўна ўдзельнічаў у беларускім жыцці ў ЗША, быў сябрам шэрагу арганізацый. З 1972 года — старшыня Федэрацыі беларускіх рэспубліканскіх клубаў. З 1982 года ўзначальвае Беларускі інстытут навукі і мастацтва.
Вітаўт Кіпель – аўтар шэрагу публікацый беларусазнаўчай тэматыкі. У 1993 годз выйшла яго першая манаграфія «Беларусы ў ЗША» (беларускае выданне падрыхтаваў перакладчык Сяргей Шупа, у ЗША кніга выйшла ў 1999 годзе). У 2017 пабачыла свет другое выданне кнігі, што выйшла значна таўсцейшая, больш як 600 старонак, багата ілюстраваная, дапрацаваная і дапоўненая новай інфармацыяй. Падрыхтоўка другога выдання заняла каля двух гадоў супольнай працы самога Вітаўта Кіпеля, архівіста Лявона Юрэвіча і Наталлі Гардзіенкі як рэдактара.
Разам з жонкай Зорай Кіпель уклаў фундаментальную «Бібліяграфію беларускага і беларусаведнага друку на Захадзе» (2003, 2-е, дапоўненае выданне — 2006). Выдаў кнігу ўспамінаў «Жыць і дзеіць» (2015).
Рэдакцыя Беларускага Радыё Рацыя шчыра віншуе юбіляра!