У Менску абмеркавалі экалагічныя праблемы Курапатаў
У Менску адбыўся круглы стол, прысвечаны экалагічным праблемам мемарыялу Курапаты, дзе пахаваны ахвяры сталінскіх рэпрэсіяў 30 – 40-х гадоў мінулага стагоддзя. Урочышча знаходзіцца на ўскрайку Менску, паміж дзвюма аўтатрасамі, што кепска ўплывае на яго. Шляхі абароны экалогіі Курапатаў былі абмеркаваны грамадскімі актывістамі і вучонымі.
Па словах сябра грамадскай ініцыятывы „Эксперты ў абарону Курапатаў” Марата Гаравога, такі круглы стол павінен быў адбыцца ўжо даўно:
– Усякае было ў Курапатах, але прыродны складнік ішоў міма грамадства. І атрымалася, што мы прафесіяналы ў нечым вузкім, а ў экалогіі – мы абсалютныя прафаны. Але мы часам лічым, што ведаем усё. І таму, я лічу, што і грамадства вінавате ў тым, што яно без кансультацый, без экспертызы спецыялістаў рабіла захады, якія парушылі ці маглі б парушыць экалагічны стан нацыянальнага некропаля.
Напрыклад, масавыя вырубкі кустарніку, асабліва ўздоўж аўтамабільных трасаў прывяло да большага забруджвання лесу і глебы хімічнымі элементамі выхлапных газаў. Таму ўдзельнікі мерапрыемства дамовіліся, што падобныя экспертныя паседжанні будуць падоўжаны. Наступнае адбудзецца ў жніўні.
Генадзь Барбарыч, Беларускае Радыё Рацыя, Менск