Фігуранта «справы патрыётаў» Змітра Новіка перавялі ў СІЗА КДБ
Змітра Новіка зноў перавялі ў СІЗА КДБ, паведаміла Радыё Свабода грамадская прадстаўніца сем’яў затрыманых у справе аб падрыхтоўцы масавых беспарадкаў Ніна Шыдлоўская.
«Пра гэта расказала ягоная жонка. Таксама вядома, што заўтра будзе допыт. Гэта, на жаль, усё, што мы ведаем. Пра прычыны і што гэта значыць, на жаль, цяпер казаць цяжка. Магчыма, з’яўляюцца нейкія вынікі экспертызы і справа пачала рухацца», — сказала Ніна Шыдлоўская.
Дагэтуль Зміцер Новік знаходзіўся ў СІЗА № 1 на Валадарскага.
Цяпер Змітру Новіку можна дасылаць лісты на адрас а/с 8, Галоўпаштамт, Менск.
Справа актывістаў «Белага легіёну», якая ў незалежных СМІ атрымала назву «справы патрыётаў», распачалася перад Днём Волі пасля публічнай заявы Аляксандра Лукашэнкі пра затрыманне баевікоў, якія трэніраваліся ў лясах пад Бабруйскам ды ў іншых месцах.
Усяго было арыштавана 35 чалавек. На гэты момант у ізалятарах КДБ і МУС утрымліваюцца 16 фігурантаў справы. Некаторым прад’явілі абвінавачанні ў падрыхтоўцы масавых беспарадкаў, а былым актывістам «Белага легіёну» дадалі яшчэ і артыкул пра стварэнне незаконнага ўзброенага фармавання.
Афіцыйных заяваў пра справу аб падрыхтоўцы масавых беспарадкаў следчыя органы не рабілі ад моманту арышту падазраваных. Тым часам праваабаронцы звярнуліся ў Генеральную пракуратуру з просьбай праверыць інфармацыю пра тое, што з затрыманых нібыта сілай выбіваюць патрэбныя паказанні.