Прэзентацыя кнігі пра гісторыю беларускіх стыляў



Цэнтр гарадскога жыцця і арт-галерэя „Крыга” запрашаюць 2 чэрвеня, у пятніцу, на прэзентацыю кнігі Міхала Анемпадыстава „Колер Беларусі”. 

Дызайнерскі альбом “Колер Беларусі” стаў вынікам шматгадовай даследчыцкай працы Міхала Анемпадыстава. Шыкоўная візуальная частка кнігі суправаджаецца аўтарскімі тэкстамі, якія раскрываюць культуралогію асобных колераў – паходжанне назвы, гісторыю распаўсюджання на асобных тэрыторыях, сімвалічную інфармацыю, тыя чыннікі, што ўплывалі на ўсталяванне пэўных каларыстычных прэферэнцый і стыляў ды інш.  Даследуючы колер як феномен культуры, як маркер культурнай традыцыі, аўтар паказвае гісторыю стыляў і задае пэўны ракурс для разумення ўласнай ідэнтычнасці.

“Штодня мы ствараем не толькі нашу сучаснасць і не толькі закладваем аснову таго, якім будзе нашае заўтра, але адначасова ўяўляем (і тым самым ствараем нанова) уласную мінуўшчыну. Часам гэтыя ўяўленні матэрыялізуюцца. Незаўсёды яны адпавядаюць гістарычнай праўдзе, а нават і логіцы нашых гістарычных стыляў. Часцяком нам навязваюць муляжы і міфы чужой мінуўшчыны. У сваю чаргу, каларыстыка – гэта зручная опцыя дзеля вывучэння ўласнай культурнай традыцыі і нацыянальнага стылю”, – кажа аўтар у пасляслоўі.

Пятніца, 2 чэрвеня, а 18:30, Гародня, вул. Савецкая, 3