Злотнікаў: Практычна ніякая буйная мадэрнізацыя ў дзяржсектары не ўдаецца



Нафтаперапрацоўка, якая падтрымлівала беларускі «эканамічны цуд» становіцца стратнай галіной гаспадаркі, заявіў у часе нарады, прысвечанай стратэгіі развіцця нафтаперапрацоўчай сферы, кіраўнік Беларусі.

Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што ў мадэрнізацыю галіны былі ўкладзеныя немалыя грошы, аднак яна так і не дала плёну. На нарадзе прагучала інфармацыя пра планы завяршыць канчатковую мадэрнізацыю Наваполацкага „Нафтана” да 2019 года. Незалежны эканаміст Леанід Злотнікаў сумняваецца ў ейным паспяховым выніку.

— Калі ўлічыць мадэрнізацыю іншых прадпрыемстваў: у машынабудаўніцтве, цэментнай, дрэваапрацоўчай, цэлюлозна-папяровай  і іншых галінах, дык практычна ніякая буйная мадэрнізацыя ў дзяржаўным сектары не ўдаецца. А прыходзіць прыватны сектар, будуе такое ж прадпрыемства, ну скажам пару дрэваапрацоўчых прадпрыемстваў у Магілёўскай свабоднай эканамічнай зоне, дык там выдатна працуе літоўскі ці яшчэ нейкі капітал. А тое ж самае ў нас спрабуюць мадэрнізаваць і атрымаць такую ж вытворчасць — не выходзіць.  

За першы квартал 2107 года згодна са звесткамі Белстату, аб’ём продажу нафтаперапрацоўчай галіны Беларусі ўпаў амаль на палову, часткова гэтае падзенне звязанае з абмежаваннем паставак нафты з Расеі праз нафтагазавыя спрэчкі Менска з усходняй суседкай.

Зміцер Косцін, Беларускае Радыё Рацыя