За што ўзнагародзілі Шуневіча?
Юрыст Беларускага Хельсінкскага Камітэта Гары Паганяйла распавядае пра тое, як у Беларусі ўзнагароды знаходзяць “герояў”.
Як вядома, Палата прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу ўзнагародзіла міністра ўнутраных спраў Ігара Шуневіча граматай «за дзейнасць ва ўмацаванні правоў і свабодаў грамадзян».
Гары Паганяйла: Гэта яшчэ праз пацвярджае і паказвае, на каго абапіраецца і за каго трымаецца ўлада. А трымаецца яна на праваахоўных органах. Таму шмат гаворыцца пра дэмакратыю і верхавенства закона, але ўладзе заўсёды патрэбны марыянеткі. На камеру яны будуць рабіць прыгожыя заявы наконт змагання за правы і свабоды, а ў рэальнасці вытруць ногі аб той самы закон і вокам не міргнуць. Але ж улада на гэта заплюшчае вочы.
РР: Алесь Бяляцкі з гэтай нагоды выказаўся так: пераблыталі праваахоўнікаў з праваабаронцамі…
Гары Паганяйла: Хто ж з дэпутатаў будзе успамінаць, як людзей незаконна хапалі на вуліцах, як злоўжывалі сілай? Суды, дарэчы, таксама ўплецены ў гэтую ж сістэму змагання з іншадумствам і падтрыманнем “сацыяльнага міру ў краіне”.
А Шуневіч у вачах дэпутатаў – заслужаны чалавек, які павінен быць адзначаны. Яго шмат крытыкавалі праваабаронцы, многія грамадскія арганізацыі і простыя беларусы, таму для падтрымання баявога духу міністра і ў якасці кампенсацыі выдалі яму аж цэлую грамату.
Кастусь Заблоцкі, Беларускае Радыё Рацыя