Сцяпан Палтарак прызначаны міністрам абароны Украіны (абноўлена)



Вярхоўная Рада Украіны прызначыла Сцяпана Палтарака новым  міністрам абароны. Пасля галасавання ён прысягнуў на вернасць народу Украіны. Кандыдатуру Палтарака унёс на разгляд парламенту прэзідэнт Украіны Пятро Парашэнка, паводле якога, рашэнне аб змене кіраўніка абароннага ведамства ды  шэраг іншых кадравых рашэнняў сур’ёзна ўзмоцняць сілавыя структуры і ўмацуюць абароназдольнасць Украіны. З красавіка Сцяпан Палтарак кіраваў Нацыянальнай гвардыяй Украіны.

* * *

Прэзідэнт Украіны Пятро Парашэнка ўжо сёння ўнясе ў Вярхоўную Раду кандыдатуру камандуючага Нацгвардыі Сцяпана Паўтарака. Пра гэта са спасылкай на крыніцу ў адміністрацыі прэзідэнта паведамляе INSIDER.

Крыніца адзначае, што Парашэнка ўжо сёння ўнясе ў Раду кандыдатуру Паўтарака, каб на заўтрашнім пасяджэнні дэпутаты прагаласавалі за яго кандыдатуру.

12 кастрычніка прэзідэнт задаволіў рапарт Валерыя Гелятэя аб адстаўцы з пасады кіраўніка Мінабароны. Гелятэй стаў кіраўніком ведамства ў пачатку ліпеня 2014 года. У апошні час ён падвяргаўся жорсткай крытыцы з-за няўдач падчас сілавой аперацыі супраць апалчэння на ўсходзе краіны.

Дарадца прэзідэнта Украіны Юры Луцэнка распавёў, што 13 кастрычніка стане вядома прозвішча новага міністра абароны.

Беларускае Радыё Рацыя

Фота theinsider.ua