Ці карыстаюцца нацыянальныя брэнды попытам?
Мінуў месяц з моманту адкрыцця крамы рэчаў з нацыянальным каларытам “Князь Вітаўт” у Берасці. Ці карыстаюцца беларускія вырабы попытам сярод жыхароў горада, які стаіць на скрыжаванні краін і культур?
Сяржук Бахун: Першы дзень быў 1 траўня, мы месяц працуем, кліенты да нас заходзяць, глядзяць, запрашаюць сваіх сяброў, знаёмых, родных. Па некалькі разоў адныя і тыя ж людзі заходзяць, і калі нейкіх мадэляў не хапае, то яны замаўляюць свой памер і мы можам даставіць гэты памер.
Сяргей Байко: Гэтая ідэя насамрэч вітала ў нас даўно, але калі неяк мы шпацыравалі па Савецкай і ўгледзеўшы, што нічога асабліва такога з нацыянальнымі сімваламі нашымі няма. І тады мы вырашылі, што варта было б нам гэтую справу ўзяць у свае рукі. Так з’явілася ідэя і амаль за месяц мы яе рэалізавалі.
Алег Чапараў: Складанасці былі такія, што ўсё гэта вельмі доўга робіцца. Шмат дакументаў, шмат дзе трэба дазволы атрымаць. Месяц у нас быў напружаны, прыйшлося паездзіць, кожную паперку падпісаць, завезці, адвезці. Ну а так, калі ўжо адчыніліся, то такіх складанасцяў ужо не было. Зараз трэба ўжо каб толькі людзі ішлі і ўсё будзе добра.
Сяржук Бахун: У нас розныя брэнды прысутнічаюць, вядомыя як у Беларусі, так і за мяжой. Напрыклад, брэнд “Гонар”, у яго 13 траўня быў модны паказ у Выставачным цэнтры ў Менску. Гэты брэнд ведаюць у Еўропе ў шматлікіх краінах. Таксама брэнд “LSTR-адзенне”, вельмі вядомы. “Symbal.by”, беларускі брэнд. Працуем таксама з рэгіянальнымі нашымі мясцовымі рамеснікамі, якія робяць рукамі вышыўкі. Мы стараемся, у першую чаргу, калі ёсць прадукцыя мясцовая, то мы падтрымліваем мясцовых вытворцаў, сваіх. Гэта ж нашыя людзі, якія заўтра прыйдуць да нас у краму і парэкамендуюць каму-небудзь яе. Так што калі ёсць канкурэнцыя, то мы абавязкова аддаем перавагу мясцовым, берасцейскім вытворцам.
Сяргей Байко: Вельмі станоўчыя, вельмі прыемныя водгукі і асабліва прыемна, нават калі чалавека заходзіць і для яго гэтыя 26 метраў квадратных, мы адчуваем, што гэта для яго 25 метраў кадратных свабоды. У чалавека няма грошай, але ён ходзіць, ходзіць. Мы заўсёды запрашаем, гатовыя размаўляць з гэтымі людзьмі, і калі ёсць нейкія, нават нязначныя падарункі, абавязкова яны ў нас ёсць амаль для ўсіх. Таму мы радыя ўсім і вітаем у нашай краме!
Алег Чапараў: Наведвальнікі – розныя. Гэта і моладзь, і студэнты, турыстаў хапае. Былі з Расеі і набывалі нават шмат чаго ў нашай краме, усе былі задаволеныя. Можа ня ўсе разумелі, што яны набываюць, але мы намагаемся ім патлумачыць – што гэта ў нас, што гэта нашая гісторыя. Усе задаволеныя.
Сяржук Бахун: Калі чалавек выразна кажа, што ён не разумее (мовы), напрыклад, да нас прыходзілі футбалісты Берасцейскага „Дынама” (француз, галкіпер), ён не разумее беларускую мову, на жаль. Мы з ім па-французску размащляли як маглі і па-англійску. Усё-такі кліент мае рацыю. Звяртаецца па-беларуску – і размаўляем па-беларуску. Калі бачна, што чалавека абірае іншую мову, мы не ўпіраемся, не адмаўляемся ні ад англійскай, ні ад польскай, ні ад французскай, ні ад расейскай.
Сяргей Байко: Асабліва кур’ёзных момантаў можа і не было пакуль што. Дарэчы, заходзіў чалавек, ня ведаю ці гэта АМАПаўскі строй быў у яго, ці які. Папрасіў цішотку з “Пагоняй”, у пераапранальні нашай бел-чырвона-белай ён яе паклаў і каб без твара сфатаграфавалі, але толькі без твара. То бок, цікавяцца нашым таварам усе, усе сацыяльныя групы і гэта вельмі прыемна.
На Берасцейшчыне падобныя крамы ўжо адчыніліся ў Пінску ды Баранавічах. “Раней, сталыя карыстальнікі нацыянальных брэндаў з ліку берасцейцаў замаўлялі гэтыя рэчы праз інтэрнэт. Са з’яўленнем крамы ў горадзе такая патрэба ўжо адпала”, – зазначылі ейныя ўладальнікі.
Мікола Ляшкевіч, Беларускае Радыё Рацыя, Берасце