Сотні заўзятараў «Ювентуса» пацярпелі падчас цісканіны ў Турыне (абноўлена)



Інфармацыі пра пацярпелых беларусаў у Турыне падчас масавай цісканіны няма, паведамляе Міністэрства замежных спраў Беларусі на сваёй афіцыйнай старонцы ў Твітэры. Беларускае пасольства ў Італіі і ганаровае консульства Беларусі ў Турыне працягваюць працу, паведамляе знешнепалітычнае ведамства. 

* * *

Каля тысячы чалавек атрымалі раненні ў Турыне ў ноч на нядзелю, пасля таго як прагляд футбольнага матчу скончыўся цісканінай, перадае ВВС.

Некалькі тысяч заўзятараў назіралі на плошчы Сан-Карла за простым эфірам фіналу Лігі чэмпіёнаў: «Ювентус» гуляў супраць «Рэала» у Кардыфе.

Незадоўга да канца матчу (да заканчэння другога тайма заставалася каля 10 хвілін) пачуліся некалькі гучных хлапкоў. Мяркуючы па ўсім, хтосьці з заўзятараў падарваў петарды і ў натоўпе пачалася паніка.

Людзі рынуліся з цэнтра плошчы Сан-Карла, аточанай паліцэйскімі бар’ерамі, да якіх прыціснула гледачоў, што стаялі па перыметры.

Па меншай меры два чалавекі, атрымалі сур’ёзныя траўмы, у тым ліку сямігадовы хлопчык – у яго пашкоджанні галавы і грудной клеткі.

Многія атрымалі раненні, калі павалілася агароджа перад уваходам на падземную паркоўку.

У некаторых балельшчыкаў «Ювентуса» інцыдэнт выклікаў балючыя ўспаміны пра катастрофу на стадыёне «Эйзел» у Бруселі 1985 года, калі 39 фанатаў-італьянцаў загінула, пасля таго як на іх абрынулася сцяна трыбуны перад фіналам Кубка Еўропы супраць «Ліверпуля».

Фота REUTERS