«Ягелонія» стала віцэ-чэмпіёнам Польшчы



Беластачане ў апошнім матчы сезона цудам выратавалі нічыю 2:2 з познаньскім «Лехам». Футбалісты «Ягі» пасля першага тайма саступалі з лікам 0:2, але напрыканцы матча галы на вагу другога месца ў чэмпіянаце забілі Яцэк Гуральскі і літовец Арвідас Навіковас.

Трэнер «Ягелоніі» Міхал Пробеж не хаваў свайго задавальнення і віншаваў сваіх гульцоў.

За час працы з «Ягелоніяй» атрымалася здабыць чацвёртае, другое, трэцяе месцы. І не хапала тут толькі гэтай вішанькі на торце. Гульцам скажу, што я ганаруся імі. Яны частка гэтага праекта, яны найважнейшыя. Дзякуючы ім атрымалася дасягнуць поспеху: «Ягелонія» чацвёрты раз атрымлівае кубак. І гэта самая важная рэч!

Чэмпіёнам Польшчы стала варшаўская «Легія». «Ягелонія», дзякуючы другому месцу, зайграе сёлета ў Кубку Еўропы, але ўжо без цяперашняга трэнера. Міхал Пробеж пасля матча развітаўся з гульцамі і заўзятарамі. Верагодна, што ў наступным сезоне ён узначаліць адну з каманд турэцкай футбольнай лігі.

[Not a valid template]

Лукаш Леанюк, Беларускае Радыё Рацыя, Беласток

Фота аўтара