У турыстычным даведніку на беларускай мове зрабілі 250 памылак
Беластоцкі магістрат выдаў турыстычны даведнік па-беларуску з вялікай колькасьцю граматычных хібаў.
Гэта заўважыў радны Беластоку Славамір Назарук. Ён перадаў асобнік даведніка журналістцы і карэктарцы Тыднёвіка беларусаў у Польшчы “Ніва” Міры Лукшы, якая налічыла ў тэксце 250 моўных памылак.
– Я проста была ў шоку! Там было прынамсі 250 граматычных памылак. Акрамя таго інфармацыя даецца перакрыўленая. Ёсць фрагменты па-руску. Магчыма, хтосьці перакладаў на беларускую мову з расейскай.
Дамову на пераклад даведніка магістрат падпісаў з прафесійным бюро перакладаў.
Кажа прэс-сакратар прэзідэнта Беластока Уршуля Міраньчук.
– Калі з’явіліся такія заўвагі, то мы папросту паспрабуем высветліць у чым праблема. Калі сапраўды патрэбныя папраўкі, то мы будзем працаваць у гэтым кірунку.
У сваю чаргу Міра Лукша накіравала ліст, у якім патрабуе ад магістрата разабрацца ў сітуацыі і пакараць бюро перакладаў, што выконвала замову.
Лукаш Леанюк, Беларускае Радыё Рацыя, Беласток
Фота аўтара