Справа 1942 г. “Стукач на фронце”



Падчас Другой сусветнай вайны амаль кожны  чырвонаармеец напэўна разумеў, што на фронце ў яго ёсць двое ворагаў. Адзін – па той бок нейтральнай тэрыторыі, а другі – зусім побач.

Вораг, апрануты ў форму Вермахта ці арміі нямецкіх саюзнікаў, быў відавочным: ён страляў, бамбіў і штурмаваў савецкія пазіцыі, ці адбіваўся ад савецкіх штурмаў.

Вораг, які быў зусім побач, хадзіў у чырвонаармейскай форме, размаўляў расейскай мовай і іншым разам нават частаваў хлебам ці махоркай. Але пры нагодзе мог прынесці шкоды не менш, чым варожы артылерыйскі абстрэл. Распазнаць такога было вельмі цяжка, бо ў большасці выпадкаў ён удала маскаваўся “пад свайго”.

Называўся гэты вораг “агентурай Асобага аддзела НКВД”. Колькі невінаватых людзей тыя стукачы павыпраўлялі ў расстрэльныя ямы і лагеры, дакладна невядома і дагэтуль.

* * *

10 сакавіка 1942 года Асобым аддзелам НКВД 40-й cапёрнай брыгады быў арыштаваны чырвонаармеец Іавенка Лаўрэнцій Герасімавіч. Нагодай для арышту стаў данос, які тыднем раней напісаў наш зямляк.

Размова ў даносе вялася выключна пра тое, што, паводле чырвонаармейца Іавенкі, “ўзбраення ў немцаў больш і яно лепшае, чым у нас”. Але “пад пратакол” даносчык дадаў шмат іншага…

ИЗ ПРОТОКОЛА ДОПРОСА

1942 г. 3 марта г. Белов. Я, оперуполномоченный ОО НКВД Миненко (…) допросил в качестве свидетеля

Киркалов Карп Сергеевич, 1895 г. р., уроженца дер. Орцать Шкловского района Могилевской области, с низшим образованием, белорус, беспартийный, не судим, женат.

(…)

ВОПРОС: Что говорил Иовенко о силе германской армии?

ОТВЕТ: Красноармеец Иовенко говорил, что германская армия лучше вооружена, чем в СССР (…) он говорил, что такому бессильному государству, как Советский Союз, не разгромить гитлеровскую Германию, нечего думать, чтобы Советский Союз победил Германию (…)

Тое, што Вермахт у 1942 годзе сапраўды меў значна лепшае ўзбраенне, чым Чырвоная Армія,  не бачыў толькі сляпы. Справаздачы пра гэта рэгулярна паступалі ва ўсе адпаведныя інстанцыі, ад штабоў батальёнаў і да Генеральнага штаба.

Але чаму ў даносе на імя асабіста Кіркалаў спярша напісаў толькі пра канстатацыю Іавенкам “колькасці і якасці нямецкіх узбраенняў”, а ўжо на допыце прыплёў “паражэнскія настроі”?!..

Як і мае быць, Асобы аддзел  адразу зрабіў запыт камандванню – маўляў, а што з сябе гэты чырвонаармеец Іавенка ўяўляе? Камандзіры вайсковых частак падобныя запыты разумелі вельмі добра…

ИЗ ХАРАКТЕРИСТИКИ

на красноармейца 848 саперного батальона Иовенко Лаврентия Герасимовича

(…)

За время пребывания в батальоне не проявил себя с положительной стороны. К выполнению служебных обязанностей относится халатно. Политического доверия не внушает.

Командир – военинженер 3-го ранга Демьянов

Літаральна за два месяцы да гэтай характэрыстыкі той жа камандзір Демьянаў асабіста прадставіў Лаўрэнція Іавенку да меделя “За баявыя заслугі”. Узнагароду Іавенка атрымаць не паспеў, а вось знічтажальная характэрыстыка, безумоўна, паўплывала на яго далейшы лёс.

Тым часам вайсковыя чэкісты дбайна дапытвалі сяброў Іавенкі – тых самых, з якімі той будаваў пад артылерыйскім агнём фартэфікацыйныя аб’екты, пракладаў дарогі, з якімі дзяліў хлеб і хаваўся ад бамбёжак.

ИЗ ПРОТОКОЛА ДОПРОСА

1942 г., 9 марта

Свидетеля Лобова Семена Петровича, 1900 г. р., уроженец Саратовской области Сердобского р-на, женат, не судим (…)

ВОПРОС: Расскажите, что вам известно об антисоветских разговорах Иовенко 30. 01. 1942 года?

ОТВЕТ: Об антисоветской агитации Иовенко мне известно следующее. 30. 01. 1942 года Иовенко говорил, что мощь и силы Красной Армии слабее, а Германия имеет больше вооружения и техники, чем Советский Союз (…)

ВОПРОС: Что говорил Иовенко о силе германской армии?

ОТВЕТ: Иовенко говорил, что германская армия хорошо обучена и вооружена хорошо и большая, и что у Германии лучше техника, чем у Советского Союза.

Звяртае на сябе ўвагу, што  словы пра “моц нямецкая арміі” былі сказаныя абвінавачаным (калі ён сапраўды такое гаварыў) ажно 30 студзеня, то бок больш чым за два месяцы да даноса і арышту Іавенкі. Якім чынам даносчык Кіркалаў і чырвонаармеец Лобаў ва ўсіх падрабязнасцях запомнілі словы аднапалчаніна?

Чэкісты падрыхтавалі справу з неверагоднай аператыўнасцю: 10 сакавіка Іавенка быў арыштаваны, у наступныя два дні асабісты апыталі сведкаў, а ўжо 14 сакавіка ў суд быў перададзены абвінаваўчы акт – тры аркушы машанапісу. Абвінаваўчы акт стракаціць фразамі “контрэвалюцыйная агітацыя”, “нявер’е ў моц Чырвонай арміі” і нават “зрыў баявой задачы”.

І ўжо праз два дні адбыўлося паседжанне вайсковага трыбуналу

ПРИГОВОР

Именем Союза Советских Социалистических Республик

16 марта 1942 г.

(…)

Выездная Сессия Военного трибунала Западного фронта

(…)

Приговорила Иовенко Лаврентия Герасимовича на основании ст. 58-10 ч. 2. УК РСФСР лишить свободы в исправительно-трудовых лагерях сроком на ДЕСЯТЬ (10) ЛЕТ с поражением в правах на пять (5) лет (…)

Приговор окончательный и обжалованию не подлежит (…)

Лаўрэнцій Герасімавіч Іавенка паехаў адбываць дзесяцігадовы тэрмін на Калыму, куды звычайна і выпраўлялі асуджаных на фронце вайскоўцаў. А стукач Кіркалаў і оперупаўнаважаны Міненка вярнуліся да сваіх звыклых абавязкаў. Першы падслухоўваў размовы чырвонаармейцаў і пісаў на іх даносы, а другі – спраўна канструяваў на падставе тых даносаў чарговыя крымінальныя справы.

Колькі даносаў і лагерных тэрмінаў яны змайстрачылі – невядома. Але ж Генштаб Вермахта, на добры розум, павінен бы ўзнагародзіць абодвух “Жалезнымы крыжамі”, бо чырвонаармейцаў яны, напэўна, адправілі за турэмныя краты і ў растрэльныя ямы ніяк не менш, чым якая артылерыйская батарэя Вермахта.

* * *

У наступнай перадачы вы дазнаецеся гісторыю школьнага настаўніка, якога органы НКВД вызналі “антысавецкім педагогам”.

Уладзіслаў Ахроменка, Беларускае Радыё Рацыя, архіў Службы Бяспекі Украіны

Радыё Рацыя дзякуе Архіву СБ Украіны ў Чарнігаўскай вобласці за прадстаўленыя матэрыялы, архіўную справу “П-1927”