Праваабаронцы патрабуюць вызвалення фігурантаў справы „Белага легіёна”
Сем беларускіх праваабарончых арганізацый выступілі з сумеснай заявай, у якой патрабуюць неадкладнага вызвалення з-пад варты ўсіх фігурантаў справы аб падрыхтоўцы „масавых беспарадкаў” (так званая справа „Белага легіёна”). Заява прынятая ў сувязі з чарговай інфармацыяй пра катаванні ў следчым ізалятары КДБ.
Тэкст дакумента апублікаваны на сайце spring96.org.
Праваабаронцы адзначаюць, што 5 чэрвеня яны атрымалі пасведчанні пра прымяненне ў СІЗА КДБ катаванняў у дачыненні да Сяргея Кунцэвіча, які абвінавачваецца па ч. 3 арт. 293 Крымінальнага кодэкса (навучанне ці іншая падрыхтоўка асобаў для ўдзелу ў масавых беспарадках). „Сведчанні Сяргея Кунцэвіча былі падрабязна зафіксаваныя. Ён звярнуўся ў Следчы камітэт Рэспублікі Беларусь з заявай пра пачатак крымінальнай справы ў сувязі з учыненнем у дачыненні да яго злачынства. Ён заявіў, у прыватнасці, што падчас допыту ў будынку КДБ Беларусі, які праходзіў пры адсутнасці адваката, асобы ў чорнай уніформе і масках, калі пакой для допыту пакінулі следчыя, нанеслі яму некалькі ўдараў па целе, пасля гэтага адзін з іх 3-4 разы выкарыстаў у дачыненні да яго электрашокер — уздзейнічаў на левую нагу на працягу 30-40 секунд. Гэта прыносіла моцныя фізічныя пакуты”, — гаворыцца ў заяве.
Акрамя таго, у перыяд знаходжання ў СІЗА КДБ Кунцэвіч утрымліваўся ў прыніжальных, бесчалавечных умовах: 14 дзён спаў на падлозе, на працягу дня сядзеў на вузкай дошцы, не атрымліваў медыцынскай дапамогі, а пасля пераводу ў СІЗА № 1 (на вуліцы Валадарскага) ён быў збіты супрацоўнікамі ізалятара.
У сувязі з атрыманай інфармацыяй асаблівую занепакоенасць у праваабарончых арганізацый выклікае закрыты ад грамадскасці характар гэтай крымінальнай справы, адсутнасць якой-небудзь афіцыйнай інфармацыі пра хаду яе расследавання, сутнасць выстаўленых абвінавачванняў, а таксама фізічны стан і ўмовы ўтрымання асоб, якія знаходзяцца пад вартай.
Праваабаронцы нагадваюць уладам пра тое, што „свабода ад катаванняў з’яўляецца абсалютным правам і не падлягае ніякім абмежаванням нават ва ўмовах ваенных канфліктаў і надзвычайнага становішча”. Аўтары заявы патрабуюць ад Генеральнай пракуратуры і Следчага камітэта правесці аб’ектыўную праверку, прыняць меры па расследаванні агучаных Кунцэвічам звестак пра катаванні і прыцягнуць вінаватых да крымінальнай адказнасці; змяніць меру стрымання ў дачыненні да ўсіх фігурантаў крымінальнай справы аб падрыхтоўцы „масавых беспарадкаў” і стварэнні незаконнага ўзброенага фармавання і неадкладна вызваліць іх з-пад варты з мэтай прадухілення прымянення да іх катаванняў; няўхільна выконваць узятыя на сябе Беларуссю міжнародныя абавязацельствы па прадухіленні катаванняў і іншых відаў абыходжання — жорсткіх, бесчалавечных ці якія прыніжаюць годнасць.
Заяву падпісалі: закрыты ўладамі ў 2003 годзе праваабарончы цэнтр „Вясна”, ГА „Беларуская асацыяцыя журналістаў”, ПУ „Цэнтр прававой трансфармацыі”, Беларускі Дом правоў чалавека імя Барыса Звозскава, РПГА „Беларускі Хельсінкскі камітэт”, ПУ „Беларускі дакументацыйны цэнтр” і РГА „Прававая ініцыятыва”.
На гэты момант вядома пра 14 фігурантаў справы, якiя ўтрымлiваюцца пад вартай.
Інфармацыя пра катаванняе ў дачыненні да затрыманых па справе „Белага легіёна” паступала праваабаронцам і раней, аднак афіцыйныя органы яе не каментуюць.
Паводле БелаПАН