Валанцёры выказваюць падзяку ўсім гарадзенцам



Валанцёры Гуманітарнага маршруту „Беларусь-АТО” з Гародні сабралі чарговую партыю дапамогі для сямей парасяленцаў з Луганскай і Данецкай абласцей Украіны. Цягам бліжэйшых дзён гэта дапамога будзе перададзена ў Менск, а затым праз Гомель паедзе ва Украіну.

Як ажыццяўляецца збор гуманітарнай дапамогі, распавядае гараденскі журналіст і валанцёр Дзяніс Івашын:

–  Зараз летні перыяд. Зразумела, што рэчы патрэбны летнія. Няма пэўных крытэрыяў. Дапамагаюць гарадзенцы, чым могуць. Вядома, гэтыя рэчы не новыя. Я хацеў бы выказаць падзяку ўсім нашым гарадзенцам за гэтую дапамогу, бо ўжо цягам трох гадоў аказваецца безупынная дапамога ўсім пацярпелым жыхарам непасрэдна на тэрыторыі Украіны, мы працуем менавіта з імі. 

Агулам за апошні квартал валанцёры Гуманітарнага маршруту „Беларусь-АТО” сабралі па ўсёй Беларусі больш за тону рэчаў, якія бліжэйшымі днямі будуць перададзеныя ва Украіну. Сярод тых,  хто прыносіць гараденцам рэчы, – людзі рознага ўзросту і розных сацыяльных груп: ад бізнесоўцаў да простых пенсіянераў.

Беларускае Радыё Рацыя, Гародня