Леаніду Маракову прысвячаецца



У Менску адбылася прэзентацыя кнігі, прысвечанай пісьменніку і гісторыку Леаніду Маракову. Ён памёр напрыканцы мінулага года, у 58 гадоў. Кніга выдадзена ў серыі „100 выдатных дзеячоў беларускай культуры”.

Як сказала яе аўтарка, журналістка Настасся Зелянкова, жыццё і творчасць гэтага чалавека – сапраўдны подзьвіг:

– Апошні раз мы размаўлялі за паўгода да ягонай смерці. Я шмат пісала пра яго кнігі і вельмі мала пісала пра яго самога. Я патэлефанавала з прапановай напісаць пра яго. Ён тады агарошыў і сказаў, шо толькі перанёс інсульт і яму, напэўна, будзе цяжка размаўляць. Тым не меньш, тры гадзіны мы паразмаўлялі. Вось гэтае інтэрв’ю фактычна і лягло ў кнігу, дзе я расказваю пра ягоны шлях.

А шлях у Леаніда Маракова быў няпросты і цікавы. З рэпрэсаванай сям’і, ён марыў у дзяцінстве быць вучоным-радыётэхнікам. Але падчас перабудовы заняўся бізнесам, дасягунуўшы посьпеху ў гэтай справе. Аднак нечакана у сярэдзіне 90-х заняўся пошукамі звестак аб рэпрэсаваных у сталінскія часы грамадзянах. Ён даследаваў і апісаў больш за 20 тысяч біаграфіяў ахвяраў тэрору, якія склалі 10 тамоў энцыклапедычнага даведніка, – распавяла Настасся Зелянкова.

Генадзь Барбарыч, Беларускае Радыё Рацыя

Фота gazetaby.com