Вячаслаў Сіўчык падаў скаргі на ўмовы ўтрымання ў СІЗА
Стваральнік Руху салідарнасці «Разам» Вячаслаў Сіўчык падаў дзве скаргі: у Пракуратуру і ў Гарадскі цэнтр гігіены і эпідэміялогіі Менска. Скаргі датычацца ўмоў утрымання адміністрацыйна арыштаваных у ізалятары на Акрэсціна.
Усяго палітык пералічыў 12 пунктаў, якія павінны выклікаць занепакоенасць праваабарончых арганізацый і грамадскасці, туды ўвайшлі тэмпература ў камеры, санітарныя ўмовы, асвятленне, графік раздачы ежы. Акрамя таго, да Вячаслава Сіўчыка не пускалі адваката. Але пералічаныя пункты датычацца не толькі арыштаваных па палітычных справах.
— Дванаццаць канкрэтных фактаў, якія з’яўляюцца не асабістым пераследам менавіта мяне як палітычнага дзеяча, а з якімі рэальна сутыкаюцца ўсе адміністрацыйна арыштаваныя. Наогул, маё зняволенне было незаконнае: незаконны быў суд, незаконны быў прысуд, незаконныя былі затрыманні абодва разы. Але скарга пададзена менавіта пра ўмовы ўтрымання, якія супярэчаць у тым ліку і міжнародным пагадненням, што падпісваліся ад імя Рэспублікі Беларусь.
Адзін з лідараў руху салідарнасці «Разам» Вячаслаў Сіўчык у траўні адбыў 15 сутак арышту ў ізалятары на Акрэсціна за ўдзел у несанкцыянаванай акцыі, якая прайшла 1 мая ў Менску. Палітык не збіраецца пакідаць без увагі ўмовы ўтрымання ў беларускіх ізалятарах і турмах і чакае адказу на свае скаргі.
Кастусь Багушэвіч, Беларускае Радыё Рацыя