Міністэрства культуры будзе садзейнічаць стварэнню музея Алеся Адамовіча



Міністэрства культуры і Дзяржаўны музей гісторыі беларускай літаратуры гатовыя дапамагчы ў стварэнні музея Алеся Адамовіча ў пасёлку Глуша Бабруйскага раёна, гаворыцца ў адказе намесніка міністра культуры Васіля Чэрніка на зварот прадстаўнікоў грамадскасці.

У лістападзе 2016 года ў Магілёве адбыўся круглы стол „Музей Алеся Адамовіча: супрацоўніцтва грамадскасці і ўлады”, закліканы актывізаваць збор сродкаў на музей пісьменніка ў пасёлку Глуша Бабруйскага раёна. На пасяджэнні быў створаны грамадскі савет пры абласной арганізацыі „Таварыства беларускай мовы імя Францішка Скарыны”, задачай якога з’яўляецца арганізацыя працы па зборы грошай і прыцягненне ўвагі да творчасці Адамовіча. У красавіку прадстаўнікі магілёўскай грамадскасці звярнуліся да органаў рэспубліканскай улады з просьбай зрабіць ствараны музей Алеся Адамовіча філіялам Дзяржаўнага музея гісторыі беларускай літаратуры.

На зварот адказаў намеснік міністра культуры Васіль Чэрнік, які паведаміў, што Міністэрства культуры і Дзяржаўны музей гісторыі беларускай літаратуры гатовыя садзейнічаць стварэнню экспазіцыі і аказваць каардынацыйна-метадычную дапамогу па адкрыцці музея Алеся Адамовіча ў Глушы.

Згодна з пададзенай ім інфармацыяй, на канец тысяч на рахунак стварэння музея пры Бабруйскім райвыканкаме паступіла 11,8 тысячы рублёў. „Сёлета райвыканкамам запланаваныя шэраг мерапрыемстваў, заробленыя сродкі ад якіх плануецца накіраваць на стварэнне музея: правядзенне ўстановамі культуры раёна дабрачынных акцый, прыцягненне спонсараў, пералічэнне часткі грашовых сродкаў, заробленых на суботніках, і іншае”, — гаворыцца ў адказе намесніка міністра.

Ён таксама ўказвае, што ў траўні ў Глушы прайшла нарада з удзелам дырэктара Дзяржаўнага музея гісторыі беларускай літаратуры, прадстаўнікоў Бабруйскага райвыканкама і грамадскасці, падчас якой таксама былі разгледжаныя пытанні па стварэнні апякунскага савета ў мэтах каардынацыі пытанняў, звязаных са стварэннем музея і размеркаваннем сродкаў.

Як паведамілі БелаПАН у Бабруйскім райвыканкаме, зараз прапрацоўваюцца юрыдычныя пытанні стварэння гэтага апякунскага савета.

belapan.by